Большасць беларусаў не хочуць размяшчэння каля сваіх межаў замежных войскаў і не гатовыя падтрымаць ні НАТА, ні Расію пры гіпатэтычным канфлікце паміж імі. Пра гэта паведамляе Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (зарэгістраваны ў Вільні) па выніках свайго чэрвеньскага агульнанацыянальнага апытання.
Сацыёлагі задалі пытанне: «У апошні час вакол Беларусі адбываецца нарошчванне ўзброенай моцы: Расія стварае ў заходнім рэгіёне новыя дывізіі, а НАТА — размяшчае свае батальёны ў Польшчы і краінах Балтыі. Адны людзі ў Беларусі падтрымліваюць дзеянні Расіі, а іншыя — Захаду/НАТО. А як да гэтага ставіцеся Вы?»
26,1% рэспандэнтаў выбралі адказ «падтрымліваю дзеянні Расіі: гэта абароніць нас ад магчымай агрэсіі НАТА», 10,6% — «падтрымліваю дзеянні Захаду/НАТА: гэта абароніць нас ад магчымай агрэсіі Расіі», а амаль 58% — «не падтрымліваю ні адзін з бакоў, паколькі Беларусь можа быць уцягнутая ў ваенны канфлікт».
На пытанне: «А калі такі канфлікт усё ж адбудзецца, на чый бок Вы ўстанеце?» траціна адказалі «на бок Расіі», 13,4% — «на бок Захаду», а 43,5% — «паспрабую не падтрымліваць ніводзін з бакоў».
— Прычым, як паказаў аналіз, моладзь у найбольшай ступені схільная быць у баку ад канфлікту і не займаць ні адзін з бакоў у геапалітычнай канфрантацыі. Назіраецца строгая лінейная залежнасць: чым вышэй ўзрост, тым вышэйшая ўцягнутасць, і тым вышэйшая ўцягнутасць на баку Расіі, — адзначаюць у НІСЭПД.
Беларусы ў большасці (71%) адмоўна ставяцца да ўдзелу сваіх суграмадзян у баявых дзеяннях ва Украіне. Толькі па 11% апытаных выказаліся ў падтрымку ўдзелу беларусаў на адным і другім баку адпаведна.
Рост празаходніх настрояў
Чэрвеньскае апытанне зафіксавала невялікае пацяпленне ў дачыненні беларусаў да Еўропы і, адпаведна, пахаладанне да Расіі.
Сацыёлагі з НІСЭПД прапанавалі апытаным паўдзельнічаць у двух гіпатэтычных рэферэндумах: аб уступленні ў ЕС (так ці не) і пра выбар паміж ЕС і РФ (уступленне ў Еўрасаюз або аб'яднанне з Расіяй).
Як бы вы прагаласавалі на рэферэндуме аб уступленні ў ЕС? (у працэнтах)
Снежань 2015 | Сакавік 2016 | Чэрвень 2016 | |
За | 19,8 | 23,4 | 27,5 |
Супраць | 56,1 | 53,9 | 50,3 |
Што б вы выбралі: уступленне ў ЕС або аб'яднанне з РФ? (у працэнтах)
Снежань 2015 | Сакавік 2016 | Чэрвень 2016 | |
Расію | 53,5 | 48 | 42 |
ЕС | 25,1 | 31,2 | 34 |
Стаўленне беларусаў да ЗША складанейшае. З аднаго боку, як і раней, найбольш варожай краінай беларусы называюць ЗША — такі адказ далі 52,4%. З іншага боку, да ЗША ў цэлым вельмі/хутчэй пазітыўна ставяцца 55,7%, хутчэй/вельмі негатыўна 35,3%, да амерыканцаў адпаведна 60.6% vs. 28.2%, а да амерыканскай навукі і тэхнікі 71,2% vs. 18,3%. Траціна апытаных лічыць, што «Беларусі абавязкова трэба аднавіць нармальныя адносіны з ЗША», менш за чвэрць лічыць, што гэта не абавязкова, а каля 35% ставяцца да гэтага абыякава.
— Відавочна, што ў Беларусі няма такога глыбокага і агрэсіўнага антыамерыканізму, як у Расіі, — адзначаюць сацыёлагі.
У ходзе чэрвеньскага даследавання НІСЭПД было апытана 1512 чалавекі, памылка рэпрэзентатыўнасці не перавышае 3%.
НІСЭПД — найстарэйшы беларускі незалежны навуковы цэнтр, які праводзіць даследаванні грамадскай думкі з пачатку 1992 года. У 2005 годзе, пасля ліквідацыі Вярхоўным судом РБ, быў вымушана перарэгістраваны ў Літве.