Міжнародная група даследчыкаў знайшла тунэль, які быў выкапаны падчас Другой сусветнай вайны габрэямі-зняволенымі, якія спрабавалі бегчы ад нацыстаў.

Месца крэмацыі эксгумаваных целаў у Панарах. Фота Juliux.

35-метровы тунэль быў знойдзены падчас сканавання ў лесе каля пасёлка Панары на паўднёвай ускраіне Вільні, дзе падчас акупацыі адбываліся масавыя расстрэлы. Усяго ў лесе ў Панарах нацыстамі былі забітыя больш за 100 тыс. чалавек.

Тунэль быў выкапаны вязнямі з нацысцкіх канцэнтрацыйных лагераў, якіх прывозілі ў Панары, каб яны спальвалі целы расстраляных. Паводле дадзеных даследчыкаў, у іх не было ніякіх інструментаў для капання тунэля, таму зняволеныя канцлагераў рылі яго голымі рукамі.

З 80 чалавек, якія капалі тунэль, выратавацца ад нацыстаў ўдалося толькі 11.

Нацысты, якія спрабавалі схаваць сляды злачынстваў, прымушалі габрэяў-вязняў выкопваць целы, укладваць іх штабелямі, абкладваць сухімі дровамі, абліваць гаручым і падпальваць. Спальванне трупаў працягвалася з канца 1943 года да чэрвеня 1944 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?