Лабавое сутыкненне мікрааўтобуса і легкавой машыны адбылося ў Смалявіцкім раёне, паблізу Кургана Славы, паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінскай вобласці Таццяна Беланог.
«Папярэдне ўстаноўлена, што гэтым вечарам у Смалявіцкім раёне, паблізу Кургана Славы, кіроўца легкавога аўтамабіля «Фольксваген», выехаўшы на сустрэчную паласу, сутыкнуўся з мікрааўтобусам. У выніку ДТЗ кіроўца легкавога аўтамабіля — мужчына 1981 года нараджэння — загінуў, а кіроўца і пасажыры маршруткі — шасцёра чалавек — з траўмамі рознага характару дастаўленыя ў шпіталь», — патлумачыла Таццяна Беланог.
«Фольксваген» рухаўся з боку Смалявіч, маршрутка — з боку Мінска ў адну з вёсак Чэрвеньскага раёна, удакладняе abw.by.
Вядзецца агляд месца здарэння, апытанне сведак і іншыя першапачатковыя следчыя дзеянні.