Кітайскі крэдыт на 7 млрд. долараў, дакументы аб выдзяленні якога Беларусі былі падпісаныя падчас візіту ў Мінск старшыні КНР Сі Цзіньпіна летась, выдзелены на 16 гадоў з адтэрміноўкай пагашэння на пяць гадоў пад 2% гадавых.

Пра гэта паведаміў намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка 30 чэрвеня на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі.

Раней умовы крэдыту не абвяшчаліся. Сямашка назваў іх надзвычай выгаднымі. «Вось тут сядзіць ваш калега Шакуцін Аляксандр Васільевіч (старшыня рады дырэктараў ААТ «Амкадор»). Вось толькі ён бярэ паўтара мільярда долараў для свайго холдынга «Амкадор» для таго, каб пабудаваць цэлы шэраг новых заводаў і істотна мадэрнізаваць тыя заводы, якія сёння ёсць», — сказаў Сямашка.

Падчас візіту ў Беларусь Сі Цзіньпіна 10—12 мая 2015 года Банк развіцця Беларусі, «Беларусбанк» і Дзяржаўны банк развіцця Кітая падпісалі новае крэдытнае пагадненне на 7 млрд. долараў, мэта якога, як паведамляла прэс-служба прэзідэнта, — «даванне беларускім арганізацыям доўгіх рэсурсаў пад камфортную стаўку для рэалізацыі эфектыўных інвестпраектаў».

Як заявіў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў на сустрэчы са старшынёй праўлення Дзяржаўнага банка развіцця Кітая Ху Хуайбанам, крэдытныя рэсурсы, якія дае кітайскі бок, з'яўляюцца для Беларусі «камфортнымі як па тэрмінах, так і па кошце». «Пры гэтым значна спрошчаныя працэдуры атрымання», — сказаў Кабякоў. Паводле яго слоў, беларускі бок вельмі разлічвае, што новы ўзровень крэдытнага супрацоўніцтва з Дзяржаўным банкам развіцця Кітая паслужыць на карысць абодвум краінам.

У лютым гэтага года Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне ўраду актывізаваць працу па асваенні кітайскага крэдыту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?