Пра гэта паведаміла прэс-афіцэр аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Віцебскага аблвыканкама Вольга Шкуратава.

Роварны злодзей быў затрыманы супрацоўнікамі Кастрычніцкага РАУС у ходзе аператыўных мерапрыемстваў. Непрацуючы мужчына 1993 года нараджэння, раней судзімы за дачныя крадзяжы, прызнаўся ў тым, што з вясны 2016 года выкраў у віцяблян 9 ровараў і скутар.

«Крадзяжы ён здзяйсняў увечары, выкрадаў ровары, якія былі пакінутыя на лесвічных пляцоўках шматкватэрных жылых дамоў. Злодзей заходзіў у пад'езд разам з жыхарамі, якія вярталіся дадому. Праводзіў разведку: праходзіў па лесвіцы да апошняга паверха і заўважаў, дзе можна пажывіцца роварам. Спецыяльныя тросы, якімі ўладальнікі прымацоўвалі свой транспарт, не былі перашкодай для злодзея — мужчына перакусваў абарону нажніцамі па метале», — распавяла Вольга Шкуратава.

Як правіла, ён краў дарагія ровары, а затым прадаваў іх па нізкай цане (літаральна за 1 млн рублёў). Апошнія крадзяжы былі здзейсненыя зусім нядаўна — 28 чэрвеня (два ровары былі скрадзеныя ў студэнтаў Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя Машэрава). Усе ровары канфіскаваныя і будуць вернутыя ўладальнікам.

Усяго з пачатку года ў Віцебскай вобласці заяўлена аб крадзяжы 219 ровараў. Трэцяя частка злачынстваў здзейсненая ў абласным цэнтры. Праваахоўнікі адзначаюць, што большасць выпадкаў — гэта крадзяжы без узлому, а палова выкраданняў здзейсненая з лесвічных пляцовак. Раскрываць такія злачынствы вельмі цяжка, уладальнікам вяртаецца толькі 30% скрадзенай маёмасці.

Праблема ў тым, што часцяком у пашпарт ровара не ўпісваецца нумар, па якім транспартны сродак можна ідэнтыфікаваць. Таксама праваахоўнікі рэкамендуюць уладальнікам ў якасці замыкальнай прылады выкарыстаць не трос (яго лёгка перакусіць), а прыстасаванні з суцэльнага металу. Акрамя таго, пакідаючы транспарт на вуліцы, каля крам і іншых аб'ектаў, трэба выбіраць месца, якія трапляюць у поле агляду камер назірання.

Ва УУС распавялі і пра кур'ёзны выпадак з крадзяжом ровара, які адбыўся ў Оршы. Там злодзей перафарбаваў свой трафей і пайшоў з ім на мясцовы пляж, каб прадаць каму-небудзь з адпачывальнікаў. Воляю лёсу злачынец прапанаваў ровар яго ўладальніку, які распазнаў сваю маёмасць і паведаміў пра гэта ў міліцыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?