30 чэрвеня Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі ўхваліў праект Кодэкса аб культуры, прыняты ў другім чытанні Палатай прадстаўнікоў 24 чэрвеня.

Як адзначыла, выступаючы перад парламентарыямі, першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга, гэты кодэкс — першы ў свеце. У перспектыве на яго аснове можа быць створаны мадэльны кодэкс для краін СНД.

Нагадаем, праект кодэкса складаецца з агульнай і спецыяльнай частак, пяці раздзелаў і 257 артыкулаў. Дакумент прадугледжвае супрацоўніцтва дзяржаўных органаў з камерцыйнымі арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, а таксама павялічвае ролю грамадскасці ў вырашэнні пытанняў культуры. У прыватнасці, прадугледжанае стварэнне пры дзяржорганах грамадскіх назіральных камісій па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, грамадскіх саветаў, камісій і іншых кансультацыйных органаў і экспертных фарміраванняў па пытаннях культуры.

Праект кодэкса ўключае спонсараў і мецэнатаў культуры ў кола суб'ектаў культурнай дзейнасці. Творчым саюзам прадастаўляюцца правы ажыццяўляць без стварэння камерцыйных арганізацый і ўдзелу ў іх дзейнасць па вытворчасці фільмаў і тэлевізійных праграм, творчую дзейнасць і забавы, а таксама дзейнасць па рэалізацыі адукацыйнай праграмы навучальных курсаў і адукацыйнай праграмы ўдасканалення магчымасцяў і здольнасцяў асобы.

У дакуменце замацаваная абавязковасць перадачы ў дзяржаўную ўласнасць прафесійна і выпадкова знойдзеных археалагічных артэфактаў. Праект змяшчае забарону грамадзянскага абароту археалагічных артэфактаў на тэрыторыі Беларусі, за выключэннем іх набыцця, продажу, дарэння, мены дзяржаўнымі музеямі і навуковымі арганізацыямі.

Акрамя гэтага, прапануецца спрасціць парадак прыняцця некаторых кіраўнічых рашэнняў пры ажыццяўленні музейнай, бібліятэчнай дзейнасці і аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?