На пытаньні карэспандэнта «НН» адказвае доктар Ганс Ройтэр. У часе Чарнобыльскай катастрофы ён працаваў вядучым хімікам на Хімічным заводзе гораду Бітэрфэльд (у той час – тэрыторыя НДР), дзе займаліся ўзбагачэньнем урану для патрэбаў «братняга» Савецкага Саюзу.

«НН»: Наколькі разьвітай і незалежнай ад СССР была атамная энэргетыка Нямецкай дэмакратычнай рэспублікі?

Ганс Ройтэр: Абсалютна залежнай! Галоўнай задачай нашага заводу ў Бітэрфэльдзе было ўзбагачэньне ўрану. Тэхналёгія была савецкай, ды і ўсё, што мы выраблялі, таксама адразу ж вывозілася ў СССР. Нямецкай была хіба што сыравіна, якую здабывалі на ўранавых рудніках каля гораду Кемніц. Што да разьвіцьця атамнай энэргетыкі, дык у НДР было шмат невялікіх і дзьве буйных атамных электрастанцыі - але аніводную зь іх не пасьпелі дабудаваць. Пасьля ўз’яднаньня Нямеччыны на іх быў пастаўлены крыж. Праўда, хоць тэхналёгія, па якой будаваліся тыя электрастанцыі, і была савецкай, але іх тып быў іншы, ня той, што ў Чарнобылі. Скажам, збройны плютоній з дапамогай гэтых электрастанцыяў вырабляць было немагчыма.

«НН»: Як падалі ўлады НДР інфармацыю пра чарнобыльскі выбух?

Г.Р.: Кіраўніцтва НДР зрэагавала на Чарнобыльскую катастрофу так сама, як і іх калегі ў СССР - ніяк. Дзяржава заявіла: «Ніяка панікі, праблемаў няма». Эрых Хонэкер, які быў тады кіраўніком НДР, сказаў: «Нічога страшнага, мы раней таксама мусілі мыць гародніну перад ежай». Аднак НДР пашанцавала - хмара збольшага абмінула яе тэрыторыю, закрануўшы Заходнюю Нямеччыну, найперш - Баварыю. Але натуральна, што ўсе жыхары НДР глядзелі ўвечары тэленавіны з Захаду. Адтуль мы пра ўсё і даведаліся, у тым ліку і я.

«НН»: Наколькі бясьпечныя сучасныя заходнеэўрапейскія рэактары?

Г.Р.: У Нямеччыне няма цэнтралізаванага кіраўніцтва атамнай энэргетыкай. За кожным з рэактараў наглядаюць тры незалежныя адна ад адной структуры. Па-першае, кампаніі, якія забясьпечваюць працу атамных электрастанцыяў, па-другое, цэнтралізваваная агульнанацыянальная дзяржаўная арганізацыя, якая займаецца наглядам за бясьпекай рэактараў, і, па-трэцяе, міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя. Канструкцыя нашых рэактараў прынцыпова адрозьніваецца ад чарнобыльскай – яны пакрытыя шматлікімі ахоўнымі прыстасаваньнямі, а зьверху – сталёвым купалам. Калі выбух і адбудзецца, то ягоная магутнасьць павінна быць сапраўды вялізнай, каб стварыць рэальную небясьпеку вялікага радыёактыўнага выкіду.

«НН»: Хто вінаваты ў Чарнобылі?

Г.Р.: Найперш адміністратыўны чыньнік - тое, як функцыявала савецкая сыстэма, і зрабіла магчымай гэтую катастрофу. Таксама рэактар у многім не адпавядаў хараткарыстыкам бясьпекі. Зрэшты, гэта было зроблена ня проста зь нядбайнасьці - рэактары чарнобыльскага тыпу ствараліся ў СССР найперш для таго, каб хутка вырабляць плютоній, патрэбны для атамнай зброі. Канструкцыя такога рэактару не прадугледжвала нават стварэньня ахоўнага купалу. І, па-трэцяе, банальныя памылкі пэрсаналу станцыі. І ў той жа час мы, жыхары Эўропы, павінны быць глыбока ўдзячныя тым людзям, якія ня проста рызыкавалі жыцьцём, а пайшлі на сьмерць, для таго, каб патушыць пажар у Чарнобылі ды запоўніць разбураную электрастанцыю сотнямі тонаў рэчываў, якія дапамаглі зьменшыць інтэнсыўнасьць радыёактыўных выкідаў.

«НН»: Як вы адносіцеся да рашэньня Нямеччыны адмовіцца ад выкарыстаньня атамнай энэргетыкі?

Г.Р.: Зараз вельмі важна зьменшыць выкіды вуглекіслага газу ў атмасфэру, каб запаволіць пацяпленьне клімату. Паводле меркаваньня нямецкіх навукоўцаў, каб пазьбегнуць катастрофы, да 2050 г. трэба дамагчыся таго, каб 80% энэргіі ў сьвеце выраблялася без выкарыстаньня мінэральнай сыравіны накшалт нафты ды вугалю. Задача вельмі складаная. Але паглядзіце, якая індустрыялізаваная краіна вырабляе найменш вуглекіслага газу? Францыя. І ўсё таму, што ў ёй пабудавана вельмі шмат атамных электрастанцыяў. Я лічу, што сумесь атамнай энэргетыкі, выкарыстаньня міэральнай сыравіны ды альтэрнатыўнай энэргіі можа быць шляхам да будучыні. Таму адмаўляцца ад выкарыстаньня атамнай энэргіі лепей не сьпяшацца.

Гутарыў Алесь Кудрыцкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0