Новыя грошы на руках пакуль толькі ў невялікай долі беларусаў. Не бачылі іх на ўласныя вочы і касіры ў крамах.
Ілюстрацыйнае фота.
Карэспандэнт «НН» паспрабаваў разлічыцца ў крамах атрыманымі раней манетамі.
* * *
У краме «Торты» купляю пітную ваду і глазураваны сырок. Агулам мае атрымацца 1,47 рубля (14 700 рублёў «старымі»). Працягваю 2-рублёвую манету. Прадавачка глядзіць на яе як на новыя вароты. «І што мне з ёй рабіць?» — нарэшце пытаецца яна.
Відавочна, радасці ад знаёмства з манетамі ў прадавачкі няма — адзін стрэс ад гэтай дэнамінацыі. Пачынаю раіць, што мне можна выдаць «старую» рэшту — 5300 рублёў. Тым часам да касы пачынаюць сцягвацца іншыя работнікі. Ім наадварот, весела. Усё ж такі першая неспавядзянка здарылася не з імі.
Прадавачка не прадпрымае ніякіх дзеянняў, проста трымае 2 рублі ў руках. Вырашаю скончыць эксперымент і знаходжу 15 тысяч «старых» рублёў. Касірка выглядае шчаслівай.
* * *
У суседняй краме «Акіян» разлічваюся за марожанае — 65 капеек (ці 6500 рублёў «старымі»). Да кожнай касы прымацаваная вялікая раздрукоўка з новымі грашыма і іх старымі аналагамі. А кожнай касірцы прынеслі па калькулятары. Са штрыхкодамі ў «Акіяне» не працуюць, таму касіркі набіраюць цану ўручную. Набіраюць-та яны «новымі», а пакупнікі разлічваюцца і атрымліваюць рэшту «старымі». Таму кожная аперацыя патрабуе дадатковай праверкі на калькулятары.
Атрымаўшы 1 рубель, сталая касірка глядзіць на яго на святло і спрабуе ідэнтыфікаваць намінал. «Упершыню бачу», — прызнаецца яна. На дапамогу прыходзіць маладая адміністратарка. Яна паказвае па раздрукоўцы, што я фактычна даў 10 тысяч «старых» рублёў. Касірка адразу ж падхоплівае думку і выдае рэшту. Зразумела, «старымі», бо іншых у касе пакуль няма.
* * *
Спецыялісты прагназуюць, што адаптацыя і ў пакупнікоў, і ў прадаўцоў зойме некалькі тыдняў. Пры аператыўнай працы інкасатараў за гэты час большасць «старых» грошай можа быць вынята з абароту.