Раніцай 1 ліпеня на перакрыжаванні праспектаў Незалежнасці і Машэрава следчыя «інсцэніравалі» падзеі рэзананснага здарэння.

Само ДТЗ адбылося 18 красавіка. На рагу двух праспектаў даішнік падыйшоў да байкера на спартовым матацыкле, які стаяў на чырвонае святло, і запатрабаваў паказаць дакументы. Нагодай стала адстутнасць на матацыкле рэгістрацыйных знакаў.

Што адбылося далей, дакладна невядома. Відавочцы казалі, што матацыкліст рэзка стартануў з месца, а інспектар схапіўся за стырно. Міліцыя сцвярджае, што матацыкліст зачапіў інспектара і пацягнуў за сабой. Матацыкліст заяўляў, што даішнік рэзка схапіў яго за руку і ён выпадкова націснуў на газ.

Тым часам загарэлася зялёнае святло для аўтамабіляў, якія ехалі па праспекце Незалежнасці. Аўтамабіль з інкасатарамі не бачыў матацыкліста з інспектарам. Адбылося сутыкненне, у якім цяжка пацярпеў даішнік.

Па словах відавочцаў, другі інспектар з экіпажа аператыўна перакрыў рух на праспекце і спыніў хуткую. Медыкі і відавочцы аказвалі пацярпеламу інспектару дапамогу на месцы, але ў прытомнасць ён так і не прыйшоў.

І вось 1 ліпеня следчыя правялі эксперымент па гэтым ДТЗ. Быў выкарыстаны спартовы матацыкл той жа мадэлі і той жа канфігурацыі – на ручках у яго адмысловыя прылады, якія павінны абараняць ад выпадковага націскання.

Таксама прыгналі тую самую інкасатарскую машыну.

«У рэканструкцыі падзей узялі ўдзел следчыя, у тым ліку і следчы, які вядзе справу па ДТЗ, супрацоўнікі ДАІ і прадстаўнікі байкерскага клубу», — паведаміла Юлія Ганчарова, афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта.

Байкеры выконвалі ролю панятых і статыстаў – то бок адзін з іх граў ролю таго самага матацыкліста. За стырном інкасатарскай машыны быў той жа кіроўца, што і ў дзень ДТЗ.

Рэканструкцыя падзей праводзілася на аснове паказанняў удзельнікаў ДТЗ і відэа з камер назірання і рэгістратараў.

«Да матэрыялаў крымінальнай справы далучылі некалькі фрагментаў відэазапісаў, у тым ліку і з відэарэгістратара экіпажа ДАІ. З пазіцыі следства пакуль што абнародаваць гэтыя запісы немэтазгодна, каб пазбегнуць розных трактовак і выпрацоўкі версій як бокам абароны, так і абвінавачвання», — сказала Юлія Ганчарова.

Юлія Ганчарова.

Юлія Ганчарова.

Але для больш дакладнай рэканструкцыі перад пачаткам эксперыменту панятым паказалі відэа.

Асноўныя мэты эксперыменту – вызначыць траекторыю руху матацыкла і даведацца, ці мог даішнік сапраўды штурхануць правую руку матацыкліста так, каб яна выпадкова выціснула ручку газу.

Ані пацярпелы інспектар, ані абвінавачваны матацыкліст у следчым эксперыменце ўдзел не бралі.

46-гадовы інспектар ДАІ яшчэ ў бальніцы. Мужчына ўжо прыйшоў у прытомнасць, але паказанні пакуль не даваў. Яму зрабілі некалькі аперацый, у тым ліку і трэпанацыю чэрапа, паўтара месяца ён быў у коме. Дапытаць інспектара пакуль немагчыма, яго стан здароўя не дазваляе гэта зрабіць — ён пакуль не можа гаварыць.

Падазраваны, 31-гадовы ўраджэнец Жлобіна, знаходзіцца ў СІЗА. Вядома, што ён меў 52 парушэнні ПДР да здарэння. А цяпер яму пагражае да 5 гадоў зняволення.

Вынікі следчага эксперымента абяцаюць агучыць у найбліжэйшы час.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?