Аляксандр Лукашэнка заклікае грамадзян лепш клапаціцца пра сваё здароўе і гатовы і падаваць у гэтым пытанні асабісты прыклад. Пра гэта ён заявіў, выступаючы на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня Незалежнасці Беларусі.

«Адукацыя, культура і ахова здароўя - гэта больш за палову нашага бюджэту, гэта велізарныя сродкі, якія мы туды інвестуем. А ці ўсё зрабілі вы, наш беларускі народ, каб абараніць сябе і захаваць сваё здароўе?» — запытаўся Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што беларусы нямала ўжываюць алкаголю на душу насельніцтва і паляць. «Дык хто будзе турбавацца за самога сябе, за сваё жыццё? — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Я часта кажу, што, не задумваючыся пра гэта, мы аддаем сябе на водкуп медыцыне — вылечым. А чаму? Таму што гэта ў большасці сваёй бясплатна».

Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад пажылых людзей, якія пачалі займацца скандынаўскай хадой. «А дзеці, а моладзь? Мы пабудавалі велізарную колькасць веладарожак. Я ж не для сябе іх пабудаваў, — падкрэсліў беларускі лідэр. - Праз цяжкасці, складанасці мы пачынаем адраджаць наш мотавелазавод. Я паставіў задачу, каб у кожнага беларуса была магчымасць купіць нармальны ровар. Некаторыя купілі, і дзе гэтыя ровары? Калі трэба, каб я наперадзе дзесяці мільёнаў праехаў ад Мінска да Брэста і назад, я гатовы, калі вы пасля гэтага будзеце клапаціцца пра сваё здароўе.

«Зрабіце ўсё, каб вы былі проста прыгожымі і здаровымі людзьмі — за вамі пойдуць вашыя дзеці. Зрабіце гэта дзеля дзяцей. Ідзіце наперадзе і прымусьце іх ісці за сабой, забярыце ў іх цыгарэту, лішнюю чарку, каб яны не выпівалі гэтую гадасць. І ў нас жыццё будзе святлей і лепш. Мы менш будзем грошай траціць на сваё самагубства», — рэзюмаваў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?