Валійская казка працягваецца. Зборная Уэльса — дэбютант Еўра — сенсацыйна прабілася ў паўфінал спаборніцтваў. Галоўная зорка каманды Гарэт Бэйл гатовы замахнуцца на перамогу ў турніры.

Матч з Бельгіяй пачаўся для валійцаў катастрафічна, яны прапусцілі ўжо на 13-й хвіліне. Паўабаронца «Ромы» Раджа Найнгалан ад душы стрэльнуў з метраў 25 і патрапіў дакладна ў дзявятку варотаў.

Аднак пасля ўдача ад бельгійцаў адвярнулася. Галоўнай прычынай іх правала стала няўпэўненая гульня ў абароне. Справа ў тым, што адразу некалькі асноўных футбалістаў не маглі выйсці на поле праз перабор жоўтых картак. Давялося выпускаць рэзервістаў, якія не адпавядалі высокаму ўзроўню. Самым слабым звяном выглядаў Джордан Лукаку — малодшы брат нападаючага бельгійцаў Рамэлу Лукаку. Зрэшты, гульня не ішла ні ў аднаго з братоў.

Уэльс адыграўся яшчэ да перапынку. Пасля падачы вуглавога гол забіў капітан Эшлі Уільямс.

А ў другім тайме адзначыліся Хэл Робсан-Кану і Сэм Воўкс — гульцы, якія аказаліся незапатрабаванымі ў англійскім чэмпіянаце, аднак геройствуюць у складзе зборнай.

Не сказаць каб бельгійцы праваліліся (статыстыка па ўдарах 14-15 не на іх карысць), аднак перамога Уэльса была заслужанай.

Наперадзе ў каманды Гарэта Бэйла матч з Партугаліяй на чале з Крышціяну Раналду. Інтрыга гульні ў тым, што вышэйзгаданыя футбалісты — партнёры ў мадрыдскім «Рэале».

А вось другая зорка Уэльса, Аран Рэмзі, атрымаў лішнюю жоўтую картку і ў паўфінале не згуляе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?