Польшча прыпыніла дзеянне Пагаднення аб мясцовым памежным перамяшчэнні, якое дазваляла жыхарам Калінінградскай вобласці ўязджаць у прымежныя раёны краіны без віз. Паведамленне пра гэта з'явілася на сайце ўрада рэгіёну ў пятніцу, 1 ліпеня.

У паведамленні ўрада гаворыцца, што Польшча прыпыніла дзеянне пагаднення з 4 ліпеня на тэрмін, пра які «будзе паведамлена дадаткова».

«Гэта азначае, што з 4 ліпеня жыхары Калінінградскай вобласці, якія валодаюць дазволам на МПП, не змогуць скарыстацца гэтым дакументам для ўезду ў Польшчу. Усе грамадзяне, якія раней заехалі і знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы, змогуць бесперашкодна вярнуцца ў Расію ў намечаныя тэрміны ва ўстаноўленым парадку», — паведамляе ўрад Калінінградскай вобласці.

Пагадненне, якое было падпісана ў снежні 2011 года, дазваляе жыхарам Калінінградскай вобласці наведваць прымежныя польскія раёны і знаходзіцца там на працягу да 30 дзён, таксама дазвалялася шматразова перасякаць мяжу, аднак сумарны тэрмін не мог перавышаць 90 дзён. Карта МПП афармляецца ў візавым цэнтры Польшчы.

Перасякаць мяжу ў рамках пагаднення можна толькі наземным шляхам. Жыхарам Калінінградскай вобласці дазвалялася знаходзіцца на тэрыторыі Пуцкага, Гданьскага, Навадворскага, Мальбаркскага, Эльблонгскага, Бранеўскага, Лідзбаркскага, Барташыцкага, Ольштынскага, Кентшынскага, Мронгаўскага, Венгажэўскага, Гіжыцкага, Галдапскага, Алецкага паветаў, а таксама ў гарадах Гдыня, Сопат, Гданьск, Эльблонг і Ольштын.

Дазвол не дае права на працоўную або прадпрымальніцкую дзейнасць у гэтых раёнах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?