У першую нядзелю па Пяцідзясятніцы на Крыце скончыўся Святы і Вялікі Сабор Праваслаўнай Царквы. Айцы Сабору пад старшынствам Усяленскага Патрыярха Варфаламея прынялі шэраг дакументаў.

Гэта Акружнае пасланне (Энцыкліка), Пасланне праваслаўным людзям і кожнаму чалавеку добрай волі, «Адносіны Праваслаўнай Царквы да астатняга хрысціянскага свету», «Місія Праваслаўнай Царквы ў сучасным свеце», «Праваслаўная дыяспара», «Аўтаномія і спосаб яе абвяшчэння», «Важнасць посту і яго захаванне сёння», «Таемства шлюбу і перашкоды яму». На жаль, тут няма, як у католікаў, вызначэння, які дакумент з’яўляецца устанаўленнем (канстытуцыяй), які – пастановай (дэкрэтам), а які – дэкларацыяй. Але гэта, мабыць, не так істотна.

Істотна тое, што ўпершыню за апошнія 144 гады прадстаяльнікі ды іншыя архірэі аўтакефальных праваслаўных Цэркваў правялі Сабор і здолелі прыняць дакументы. І зроблена гэта было нягледзячы на сабатаж з боку Антыяхійскай, Грузінскай, Балгарскай ды Маскоўскай цэркваў.

Святы, вялікі, але не Усяленскі

Афіцыйная назва Сабору, які адбыўся на Крыце, – Святы і Вялікі Сабор Праваслаўнай Царквы. А Праваслаўная Царква складаецца сёння з 14 агульнапрызнаных памесных аўтакефальных цэркваў (п. 5 Энцыклікі).

Сцвярджаць, што Сабор быў або прэтэндаваў на права быць усяленскім, – значыць гарадзіць ерась, бо Сабор можа быць усяленскім, калі ў ім, як і ў старыя часы, бярэ ўдзел Рымская Царква. Усяленскімі праваслаўныя прызнаюць толькі першыя сем сабораў, якія склікалі рамейскія васілеўсы ў IV–VIII стст. ( першы з іх адбыўся ў 325 г., апошні – у 787-м).

Казаць, што апошні Сабор адбыўся больш як 1300 год таму, – таксама казаць няпраўду. У Энцыкліцы, прынятай на Крыце, паказаны саборы, праведзеныя Канстанцінопалем у Сярэднія вякі і ў Новы час. Апошні такі Сабор, які абвясціў ерассю этнафілетызм, адбыўся ў 1872 г.

Нельга таксама сцвярджаць, што Сабор на Крыце быў усеправаслаўны ці прэтэндаваў на такі статус, як пішуць і кажуць многія публіцысты і дзеячы. Не ўсеправаслаўны ён хоць бы таму, што рашэнне аб яго скліканні прымалі прадстаяльнікі 14 агульнапрызнаных аўтакефальных цэркваў. Усе астатнія праваслаўныя цэрквы (або супольнасці), якія жывуць самастойным жыццём, да ўдзелу ім не запрашаліся і не дапускаліся.

Ганьбаванне і нараканне

Калі прымалася рашэнне аб скліканні Святога і Вялікага Сабору, Маскоўская Патрыярхія настаяла на тым, што рашэнні на ім будуць прымацца кансэнсусам. Пры гэтым уводзіўся прынцып: адна Царква – адзін голас. Гэта было парушэнне аднаго з правілаў І Усяленскага Сабору, у якім зафіксавана, што кожны архірэй, удзельнік Сабору, галасуе самастойна і што саборныя пастановы прымаюцца абсалютнай большасцю галасоў. Ідучы на саступку Маскве, парушаючы канон, Канстанцінопальская ды іншыя цэрквы дзейнічалі ў імя адзінства. Маскву ж падазравалі ў тым, што яна гэткім чынам адваявала права накладваць вета на не выгадныя ёй рашэнні.

І раптам здарылася непрадбачанае. Патрыярх Кірыл і 24 архірэі не прыехалі на Сабор. 

Тое, што прадстаўнікі Маскоўскай Царквы не прыехалі на Крыт, таксама ёсць парушэннем канонаў. Як вядома, 8–е правіла Трульскага Сабору вызваляе ад удзелу ў саборах архірэяў, якія хварэюць або занятыя неабходнай і неадкладнай справай. Здаровым адсутным, у якіх няма пільных спраў, удзельнікі Сабору маюць права браталюбна выказаць ганьбаванне (порицание). Архірэі ж, якія сабраліся на Крыце, не ганьбавалі маскоўскіх братоў – яны толькі наракалі з прычыны іх адсутнасці.

Як вядома, Маскоўская Царква брала актыўны ўдзел у падрыхтоўцы Сабору. Удзел РПЦ у Саборы ўхваліў яе Архірэйскі Сабор, а Сінод, наколькі вядома, не ўпаўнаважаны адмяняць саборныя рашэнні. Нарэшце, Кірыл паставіў свой подпіс і пад пастановай аб скліканні Святога і Вялікага Сабору, і пад праектамі дакументаў, якія выносіліся на яго разгляд, і пад рэгламентам Сабору. Атрымалася так, што кіраўнік РПЦ не паважае не толькі сваіх субратоў і суслужыцеляў у Хрысце, але і свой подпіс. Выявілася, што гэты подпіс нічога не варты. Дый сам Кірыл, трэба думаць, разумеў усю нелагічнасць сваіх паводзінаў. Таму і адправіў аж два лісты з тлумачэннем прычын непрыезду.

Палітыкі і фундаменталісты

Пра няўдзел у Саборы Антыяхійскай Царквы, мне ўжо даводзілася пісаць: яна ў канфлікце з Ерусалімскай Царквою. Мела яна і пэўныя закіды да праектаў дакументаў, але не менш важна нагадаць, што цяпер удзельнікамі палітычнага жыцця Сірыі сталі расійскія вайскоўцы і чыноўнікі. Не выключана, што антыяхійскаму патрыярху, чыя рэзідэнцыя знаходзіцца ў Дамаску, параілі быць салідарнымі з Масквою і сірыйскія ўлады. Мы ж ведаем, як расійская кліка дапамогае прэзідэнту Сірыі Асаду і яго атачэнню.

Што тычыцца Грузінскай і Балгарскай Царкваў, дык яны вельмі антыэкуменічныя. Абедзве ў другой палавіне 1990-х выйшлі з Сусветнай Рады Цэркваў.

Дасведчаныя людзі паведамляюць, што рэлігійная нецярпімасць у Грузіі зашкальвае. Каталікам і асабліва пратэстантам даводзіцца працаваць у гэтай краіне пад жорсткім ціскам праваслаўных радыкалаў. Акрамя таго, на разгляд Сабору быў вынесены дакумент аб таемстве шлюбу і перашкодах яму. Было загадзя вядома, што Сабор 2016 г. пастараецца абысці правіла 72 Трульскага Сабору (691–692), паводле якога шлюб праваслаўнага з ератычкаю і ератыка з праваслаўнаю забараняўся. А Грузінская Царква катэгарычна прадпісвае праваслаўным браць шлюб толькі з праваслаўнымі. Ніякіх праваслаўна-каталіцкіх ці праваслаўна-пратэстанцкіх шлюбаў! Як у Сярэднявеччы.

Якія былі сапраўдныя прычыны няўдзелу РПЦ ў крыцкім Саборы, пакажа час. Сёння ж яны праглядваюцца так. Маскоўскай Патрыярхіі рупіла асадзіць Усяленскага Патрыярха, паказаць яго няздольнасць правесці Сабор. Самае ж галоўнае – Масква не жадала, каб перавагі канстанцінопальскага патрыярха былі замацаваны ў саборных дакументах.

Яшчэ высветліцца, з якімі канкрэтнымі цэрквамі «працавала» Масква і падбухторвала іх да няўдзелу ў Саборы. Гэтая «праца» суправаджалася антыфанарыёцкімі публікацыямі. Патрыярха Варфаламея вінавацілі ў папісцкіх намерах. Відавочна, што гэта была вядомая ў сацыялогіі праекцыя, калі індывід ці яго хаўруснікі сваімі імпульсамі ды пачуццямі, сваімі рысамі ды ўласцівасцямі надзяляюць іншых індывідаў – як правіла, апанентаў.

Фанар набірае пункты

Маскоўскі Патрыярхат відавочна кіруецца прынцыпам: хто большы, таму належыць і першая роля. Фанар жа кіруецца 36-м правілам Трульскага Сабору, якое замацоўвала пастановы двух папярэдніх сабораў: «няхай мае пасад Канстанцінопальскі роўныя перавагі з пасадам старажытнага Рыма, як гэты, няхай узвялічваецца ў справах царкоўных, будучы другім пасля яго».

36-е правіла – аснова кананічнага ладу ў Праваслаўі, яго адноснай стабільнасці. І практыка апошняга часу паказвае, што канстанцінопальскі пасад даволі эфектыўна карыстаецца сваімі перавагамі. Так, ад 2009 г. у дыяспары (Заходняй Еўропе, абедзвюх Амерыках, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Акіяніі і г.д.), дзе дзейнічаюць розныя праваслаўныя цэрквы, для каардынацыі іх дзейнасці ствараюцца сходы біскупаў, і старшынямі гэтых сходаў з’яўляюцца архірэі, пастаўленыя Канстанцінопалем. Цяпер гэтае ўстанаўленне замацавана ў саборным дакуменце «Праваслаўная дыяспара».

Сабор замацаваў перавагі Канстанцінопаля і пры вырашэнні пытання пра аўтаномію цэркваў. Вельмі цікавы ў гэтых адносінах пункт 2е) дакумента «Аўтаномія і спосаб яе абвяшчэння». Гэтым пунктам прадугледжана, што аўтаномію пэўнай царкоўнай вобласці могуць надаваць дзве аўтакефальныя царквы. І калі паміж гэтымі цэрквамі ўзнікаюць рознагалоссі, «бакі-ўдзельнікі разам або паасобку звяртаюцца да Ўсяленскага Патрыяярха, каб той знайшоў кананічнае вырашэнне пытання ў адпаведнасці з дзейнай усеправаслаўнай працэдурай».

Многія лічаць, што гэтым пунктам за Канстацінопалем замацавана апошняе слова ў вырашэнні пытання аб статусе Праваслаўнай Царквы ва Ўкраіне. Хоць пытанне пра Украіну не стаяла ў парадку дня, яно, ведама ж, абмяркоўвалася хоць бы ў кулуарах крыцкага Сабору. Нечаканаю была заява, здавалася б, саюзніка Масквы, патрыярха Ірынея. Галава Сербскай Царквы нібыта падтрымліваў Маскву, але ў самы апошні дзень перад Саборам белградскі Сінод па яго старшынствам вырашыў, што сербская дэлегацыя павінна ехаць на Крыт (білеты на самалёт, пэўна, былі купленыя яшчэ раней). І вось там, на Крыце, Ірыней сказаў, што ўкраінскае пытанне з’яўляецца ўсеправаслаўным. Сербскі патрыярх выказаў надзею, што Варфламей будзе садзейнічаць вырашэнню гэтай праблемы. Так Ірыней пракаментаваў прыняты напярэдадні Сабору зварот Вярхоўнай Рады Украіны з просьбай вырашыць пытанне пра аўтакефалію Царквы ва Ўкраіне.

Ведама, украінскае пытанне будзе вырашана не сёння і не заўтра, але важна тое, што Варфаламей, нягледзячы на маскоўскі сабатаж і нават шантаж, здолеў правесці Сабор. Не менш важна тое, што Сабор яшчэ раз замацаваў за Канстанцінопалем яго первагі ў царкоўных справах. Масква, на думку многіх назіральнікаў, сур’ёзна прайграла. Перш-наперш маральна. Тут можна нават пакпіць з Масквы. Супраць каго вы наважыліся інтрыгаваць? Супраць Візантыі? Дык вы ж вучні Візантыі. Вучыцеся ў яе і далей.

Вельмі важна (і гэта, можна сказаць фундаментальная навела), што крыцкі Сабор, як запісана ў яго Пасланні праваслаўным людзям, «сфарумляваў прапанову устанавіць Святы і Вялікі Сабор у якасці рэгулярна дзейнага Інстытута».

Каноны, якія ніхто не выконвае

Сусветнае Праваслаўе мае патрэбу ў абнаўленні. Не пераглядаючы дагматыку, яно мусіць адмовіцца ад шмат чаго аджылага.

Думаецца, Праваслаўнай Царкве на адным са сваіх Сабораў варта было б нарэшце ўпарадкаваць, кадыфікаваць свае каноны, як гэта зроблена ў каталікоў. Некаторыя з устаноўленых яшчэ ў І тысячагоддзі правілаў царкоўнага жыцця даўно аджылі і нават выклікаюць смех.

Адвеку, напрыклад, беларусы і беларускі ў купальскую ноч скакалі цераз агонь. Многія і цяпер не супраць паскакаць ды павадзіць карагод вакол вогнішча. А між тым гэта парушэнне 65-га правіла Трульскага Сабору. Рэдка які беларус не ласаваўся крывянкаю. Пэўна, усе 100 адсоткаў аматараў гэтае стравы не здгадваліся і не здагадваюцца, што яны парушалі і парушаюць 67-е правіла таго ж Сабору. Або вось такое правіла: Сабор цалкам забараняе «быць смехатворцам і іх відовішчам». Значыць, ніякіх табе камедый ды іншых вясёлых відовішчаў.

Грэшныя людзі гэтыя міране. Многія з іх ужо даўно страцілі права быць хрысціянамі, бо, апроч крывянкі, елі яшчэ іудзейскія праснакі (мацу), што таксама забаронена. Але ж і архірэі грэшаць без сораму, бо высвячаюць у святары людзей, якім няма трыццаці, у дыяканы – тых, каму не споўнілася дваццаць пяць, а ў іпадыяканы – хлопцаў, якім не стукнула дваццаць. Трульскі Сабор забараніў такія высвячэнні. І кожны маладзенькі бацюшка ці дыякан – некананічны. Так атрымліваецца, калі кіравацца літарай канонаў.

Вядомае правіла, што жанчына ў царкве павінна маўчаць, г. зн. не прапаведаваць, не вучыць. На тое ёсць святары. А далей у 70-м правіле чытаем: калі жанчыны чамусьці навучыцца хочуць, «дома ў сваіх мужоў няхай пытаюцца». Так і ўяўляю, як жонка-верніца пытаецца пра нейкія каноны ці догматы ў мужа-п’яніцы. А ў школах, а дома чужых і сваіх дзяцей жанчыны могуць вучыць? Анахранізм гэтага канона відавочны. Ён даўно ўжо абвергнуты самой практыкай царкоўнага жыцця. Прыемнаю неспадзяванкаю быў удзел у Святым і Вялікім Саборы жанчын. Не, гэтыя жанчыны не прымалі рашэнні, але, адукаваныя, яны кансультавалі сваіх архірэяў, дапамагалі ім. Як на маю думку, Царкве (не толькі Праваслаўнай) не шкодзіла б аднавіць інстытут дыяканіс, як гэта было ў апостальскія часы.

Як бачым, Праваслаўнай Царкве, якая хоча быць не нечым аморфным, а структураваным інстытутам, які жыве паводле цвёрдых, агульнпрызнаных правілаў, належыць яшчэ шмат зрабіць. І зрабіць гэта Царква можа толькі на сваіх Саборах. Цяпер яны ўстаноўлены як рэгулярна дзейны інстытут.

Першы крок зроблены. Расійскія каляцаркоўныя публіцысты стараюцца прынізіць значэнне Святога і Вялікага Сабору, абсмяяць яго або ліць на яго і перш-наперш на Варфаламея бруд. Царкоўны ж афіцыёз прымоўк. Ён, бачыце, будзе вывучаць прынятыя на Крыце дакументы. Ведама, не абыдзецца без прыдзірак. Але маскоўскім архірэям, калі яны не хочуць дарэшты дыскрэдытаваць сваю Царкву, раней ці пазней давядецца сесці з прадстаўнікамі іншых цэркваў як роўным з роўнымі. І разам з імі пракладаць шлях у будучыню.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?