Навукоўцы сцвярджаюць, што атрымалі першыя відавочныя доказы таго, што станчэлая праслойка азонавага пласта над Антарктыкай паступова ўшчыльняецца.

SPL

Па словах даследнікаў, у верасні 2015 г. азонавая дзірка аказалася па памеры на 4 млн кв. км меншай, чым у 2000-м, — гэта прыкладна адпавядае плошчы Індыі.

Як мяркуецца, гэта адбылося дзякуючы даўняй забароне на выкарыстанне разбураючых азон хімічных рэчываў.

Натуральныя працэсы ўтварэння і разбурэння азону ў стратасферы узаемакампенсуюццца ў доўгатэрміновай перспектыве, такім чынам абараняючы Зямлю ад шкоднага ультрафіялетавага выпраменьвання Сонца.

Адсутнасць ахоўнай азонавай плёнкі павялічвае рызыку ўзнікнення рака скуры, катаракты і іншых захворванняў у людзей, жывёл і нават раслін.

Упершыню істотнае станчэнне азонавага пласта ў стратасферы над Антарктыкай, прыкладна ў 10 км над узроўнем мора, заўважылі брытанскія навукоўцы ў сярэдзіне 1980-х гадоў.

У 1986 годзе амерыканка Сьюзан Саламон прадэманстравала, як азон руйнуецца пад уздзеяннем малекул хлорфторвугляводаў (CFC), якія змяшчаюць хлор і бром. На той момант CFC шырока выкарыстоўваліся ў вытворчасці многіх тавараў — ад лаку для валасоў да халадзільнікаў і кандыцыянераў.

Прычынай таго, што азонавы пласт пачаў танчэць пераважна менавіта над Антарктыкай, сталі нізкія тэмпературы і высокая ступень асветленасці, якія прыводзяць да з'яўлення ў палярных шыротах так званых палярных стратасферных аблокаў (іх яшчэ называюць перламутравымі).

Менавіта ў гэтых халодных кандэнсацыйных утварэннях працякаюць разбураючыя азон хімічныя працэсы.

У 1987 годзе быў прыняты Манрэальскі пратакол, які забараніў выкарыстанне CFC, пасля чаго сітуацыя ў стратасферы стала патроху паляпшацца.

З тых часоў памяншэнне уплыву CFC было адзначана ў некалькіх даследаваннях, аднак цяпер навукоўцы сцвярджаюць, што ўпершыню атрымалі бясспрэчныя доказы таго, што дзірка сапраўды зацягваецца.

Прафесар Саламон і яе калегі праводзілі падрабязныя вымярэнні колькасці азону ў стратасферы з 2000 па 2015 год.

Пры дапамозе дадзеных метэаралагічных зондаў і спадарожнікаў, а таксама камп'ютарнага мадэлявання ім удалося паказаць, што плошча азонавай дзіркі за гэты перыяд скарацілася на 4 млн кв. км. Яны таксама выявілі, што больш як палова гэтага скарачэння звязана выключна з памяншэннем колькасці хлору ў атмасферы.

Аднак, па словах Сьюзан Саламон, нягледзячы на тое, што каля 15 гадоў таму Манрэальскі пратакол падпісалі Кітай і Індыя, у атмасферы па-ранейшаму застаецца даволі шмат хлору, бо тэрмін яго жыцця ў паветры — ад 50 да 100 гадоў.

«Мы чакаем, што азонавы пласт цалкам адновіцца не раней, чым да 2050 ці 2060 года», — кажа яна.

Некалькі навукоўцаў-эколагаў ужо назвалі публікацыю апошняга даследавання гістарычна важнай.

«На сённяшні дзень стан азонавага пласта ўсё яшчэ пакідае жадаць лепшага, але мне здаецца вельмі важным тое, што мы пераканаліся: Манрэальскі пратакол працуе і аказвае ўплыў на памер дзіркі — гэта ўжо вялікі крок наперад», — заявіў Маркус Рэкс з нямецкага Інстытута палярных і марскіх даследаванняў імя Альфрэда Вегенера.

Аднак некаторыя іншыя навукоўцы не ўпэўненыя ў тым, што памяншэнне дзіркі звязана са зніжэннем колькасці хлору ў стратасферы.

«Дадзеныя выразна паказваюць значныя змены [памеру дзіркі] ад года да года, якія істотна большыя, чым паказаны ў даследаванні трэнд», — заявіў эксперт НАСА Пол Ньюман.

«Калі б у даследаванне былі ўключаныя дадзеныя за мінулы год, калі азонавая дзірка была істотна большай з-за больш нізкага ўздзеяння ветравых хваляў, агульны трэнд аказаўся б меншым», — растлумачыў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?