Спантанныя публічныя выступы ўдаюцца Святлане Алексіевіч значна горш, чым кнігі, дзе яна спрабуе тлумачыць гісторыю не ў чорна-белых колерах, а з мноствам адценняў і нюансаў. Падчас прамоваў і інтэрвію часам атрымліваецца цалкам наадварот. Яе словы падчас выступу ў Брукліне: «палякі горш за ўсіх ставіліся да габрэяў», «карнікі ў Беларусі былі ўсе з Украіны», «у Літве, Латвіі ўсіх габрэяў знішчылі яшчэ да прыходу немцаў», вельмі несправядлівыя і, галоўнае, — непраўдзівыя.

І не трэба быць гісторыкам, каб гэта даказаць. Гэта не палякі прыдумалі «канчатковае вырашэнне» і збудавалі канцлагеры. Антыгабрэйскія пагромы ў балтыйскіх краінах, сапраўды, былі да прыходу немцаў, але абсалютная большасць мясцовых габрэяў загінула пазней. Карнікамі ў Беларусі былі не толькі ўкраінцы. З поўнага выступу Алексіевіч у Нью-Ёрку бачна, што яна блытае некаторыя факты. Напрыклад, калі кажа пра польскую журналістку, якая напісала кнігу пра пераслед палякамі габрэяў за што яе цяпер неўзлюбілі многія землякі. Гаворка, відаць, пра літоўку Руту Ванагайце.

Нехта скажа, што гэта бяскрыўдныя памылкі. Але абагульненні тым і небяспечныя, што маючы ў сабе нейкую долю праўды, ствараюць міфы і штампы, якімі пазней карыстаюцца масы. Гэта і выраз «польскі канцлагер», які асеў у свядомасці многіх людзей на Захадзе, як нешта натуральнае, а таксама знак роўнасці паміж расейцам і бальшавіком ці камуністам. Калі такія абагульненні гучаць з вуснаў нобелеўскага лаўрэата, то многія ўспрымаюць гэта як абсалютную праўду. А гэта ж і ёсць тыя прымітыўныя міфы з якімі, дарэчы, і змагаецца Святлана Алексіевіч у сваіх кнігах.

Уладзімер Мацкевіч абараняе Алекіевіч ад рэакцыі МЗС Польшчы: «Не любим мы слушать и слышать правду. Зато очень любим гордиться славным и героическим прошлым, победами и достижениями. И сколько бы мы не предпринимали усилий, чтобы забыть позорные исторические события, всегда найдется Светлана Алексиевич, или еще кто-то, кто напомнит об этом».

Нюанс у тым, што Алексіевіч тут нічога новага не адкрыла. Трагедыя габрэяў у Польшчы ўжо больш за 20 гадоў з’яўляецца тэмай агульнанацыянальнай дыскусіі. У краіне за дзяржаўныя грошы існуюць адукацыйныя і даследчыцкія ўстановы, якія займаюцца польска-габрэйскімі дачыненнямі, выдаюцца кнігі, здымаюцца фільмы. Палітыкі абсалютна ўсіх палітычных лагераў, якія кіравалі Польшчай ад 1989 года, публічна асуджаюць пагромы ў Ядвабным і Кельцах. Гэта і ёсць тая інтэлектуальная смеласць, да якой заклікае Мацкевіч.

Але, апрача смеласці, у інтэлектуала павінна быць надзвычайная адказнасць і адчуванне прапорцый у фактах пры фармуляванні гістарычных тэзісаў. Каб застрахавацца як ад самазакаханасці, так і ад самабічавання.

Не разумею тых, хто так цешыцца гэтым словам Алексіевіч. Карыстаючыся такой схемай абагульненняў можна давесці да абсурду даследаванне любой гістарычнай падзеі. Яшчэ больш дзіўна бачыць, як папрокам Святланы Алексіевіч у бок палякаў цешацца беларусы, дзе тэма Халакосту, знікнення сотняў тысяч мясцовых габрэяў і іх цывілізацыі ў нашых гарадах, мястэчках і вёсках з’яўляецца абсалютнай тэмай табу. І калі яна некага цікавіць, дык пераважна палякаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?