Беларускім турыстам у бліжэйшы месяц рэкамендуюць пры наведванні Польшчы заўсёды мець пры сабе дакументы. Адпаведныя рэкамендацыі размешчаныя на сайце Нацыянальнага агенцтва па турызме ў сувязі з часовым увядзеннем кантролю на межах у Польшчы.

Памежны кантроль уведзены з 4 ліпеня па 2 жніўня ў сувязі з правядзеннем саміту НАТА (8-9 ліпеня) і Сусветных дзён моладзі (іх асноўныя мерапрыемствы пройдуць 26-31 ліпеня). На польска-нямецкай, польска-чэшскай, польска-славацкай, польска-літоўскай межах, а таксама ў аэрапортах і марскіх партах магчымы кантроль наяўнасці ў беларускіх грамадзян дакументаў, якія пацвярджаюць права ўезду на тэрыторыю Польшчы.

«Грамадзяне Беларусі павінны быць гатовыя не толькі прад'явіць пашпарт і іншыя дакументы, якія даюць дазвол на ўезд на тэрыторыю Польшчы, але і растлумачыць у выпадку неабходнасці мэту ўезду, прад'явіць доказ наяўнасці сродкаў на знаходжанне ў краіне. Кантроль будзе праводзіцца выбарачна і можа ажыццяўляцца не толькі пры перасячэнні мяжы, але і ўнутры Польшчы», — адзначылі ў Нацагентстве па турызме.

У цяперашні час адзначаюцца выпадкі прыбыцця ў Польшчу беларускіх грамадзян, якія страцілі дакументы ў іншых дзяржавах Шэнгенскага пагаднення. Як правіла, наземным шляхам яны прыбываюць з Германіі і Чэхіі, паветраным — з курортных рэгіёнаў Іспаніі. Асобныя грамадзяне, атрымаўшы візу ў літоўскім дыппрадстаўніцтве або консульскай установе, уязджаюць у Польшчу праз тэрыторыю Літвы.

Польскія праваахоўныя органы таксама выяўляюць грамадзян Беларусі, якія маюць рознага роду дазволы на знаходжанне, выдадзеныя іншымі дзяржавамі — удзельнікамі Шэнгенскага пагаднення. Адзначаецца, што такія дазволы не даюць права выезду з тэрыторыі краіны знаходжання ў іншыя дзяржавы шэнгенскай зоны.

Нацагентства па турызме са спасылкай на амбасаду Беларусі ў Польшчы таксама паведамляе, што на мяжы з краінамі шэнгенскай зоны плануецца разгарнуць патрулі Пагранічнай варты, якія выкарыстоўваюць мабільныя тэрміналы памежнага кантролю і аўтамабілі (так званыя «шэнгенобусы») са спецыяльным абсталяваннем і доступам да баз дадзеных, якія дазваляюць правядзенне памежнага кантролю за пунктам пропуску. Для правядзення памежнага кантролю прыцягнута каля 1,5 тысячы служачых. У дзеючых пунктах пропуску плануецца ўвесці асобныя палосы руху для паломнікаў, якія прыбываюць для ўдзелу у Сусветных днях моладзі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?