Патрыяршая камісія па пытаннях сям'і, абароны мацярынства і дзяцінства заявіла, што папраўка аб крымінальным пакаранні за пабоі ў дачыненні да сваякоў супярэчыць вучэнню праваслаўнай царквы. У заяве РПЦ гаворыцца, што святое пісанне і Святая Традыцыя «разглядаюць магчымасць разумнага і любоўнага выкарыстання фізічных пакаранняў у якасці неад'емнай часткі устаноўленых самім Богам правоў бацькоў».

На думку РПЦ, папраўка «не мае маральных апраўданняў і юрыдычных падстаў, па сваім змесце накіраваная супраць сям'і і прынятага ў расійскай культуры разумення правоў бацькоў, дыскрымінацыйная, супярэчыць асноўным прынцыпам разумнай дзяржаўнай сямейнай палітыкі і не ўлічвае традыцыйныя сямейныя і маральныя каштоўнасці расійскага грамадства».

РПЦ адзначыла, што мае на ўвазе толькі такія фізічныя пакаранні, якія не робяць шкоды здароўю дзяцей:

«Не выклікае ніякіх сумневаў, што дзеці павінны быць абароненыя ад сапраўды злачынных дзеянняў, кім бы яны ні здзяйсняліся, асабліва калі гаворка ідзе пра злачынны гвалт. Аднак няма ніякіх рэальных падстаў для таго, каб прыраўноўваць да такіх злачынных замахаў разумнае і ўмеранае ўжыванне любячымі бацькамі ў выхаванні дзіцяці фізічных пакаранняў».

У канцы чэрвеня Дзярждума РФ прыняла законапраект, згодна з якім за пабоі, што не пацягнулі шкоды здароўю і выкананыя ўпершыню, будуць прыцягваць толькі да адміністрацыйнай адказнасці. Разам з тым захоўваецца крымінальнае пакаранне за пабоі, нанесеныя сваякам, а таксама за пабоі па матывах нянавісці і з хуліганскіх намераў.

4 ліпеня папраўкі падпісаў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін. Намеснік старшыні камітэта Савета Федэрацыі па канстытуцыйным заканадаўстве Алена Мізуліна назвала папраўкі «антысямейнымі» і супярэчнымі Канстытуцыі. «Усё гэта легалізуе ювенальную юстыцыю, то бок неабгрунтаванае ўмяшанне ў сямейныя справы», — лічыць Мізуліна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?