Напярэдадні саміту кіраўнікоў урадаў СНД у Менску «крыніца ў расейскім урадзе» распаўсюдзіла інфармацыю, што Расея гатовая абмеркаваць новы льготны крэдыт для Беларусі на аплату газу, але ўзамен прапануе падзяліцца з расейскімі інвэстарамі чарговай порцыяй прывабных актываў, на гэты раз — прадпрыемствамі машынабудаваньня. У фармулёўцы расейскага ўраду, «Беларусь здолела б пераадолець нэгатыўныя наступствы росту цэнаў, калі б пашырыла супрацу з РФ ва ўсіх сфэрах».

23 мая ў Менску ў памяшканьні Нацыянальнай бібліятэкі адбываецца пасяджэньне Рады краўнікоў урадаў дзяржаваў СНД.

На яго прыбылі дэлегацыі Казахстану, Таджыкістану, Азэрбайджану, Арменіі, Кыргызстану, Малдовы, Расіі, Украіны, Узбэкістану, Грузіі і Туркменіі.

Саміт стане нагодай для першых візытаў Юліі Цімашэнкі і Ўладзімера Пуціна ў Менск у рангу прэм'ер-міністраў.

Заплянаваныя двухбаковыя перамовы Ю. Цімашэнкі з прэм'ерам Беларусі Сяргеем Сідорскім. Сідорскі сустрэнецца і з кіраўніцай малдаўскага ўраду Зінаідай Грачанай.

Што да новага-старога прадстаўніка Расеі, то Ўладзімер Пуцін дзейнічае ў сваім амплюа. Напярэдадні саміту «крыніца ў расейскім урадзе» распаўсюдзіла праз інфармацыйныя агенцтвы інфармацыю, што Расея гатовая абмеркаваць новы льготны крэдыт для Беларусі на аплату газу, што ўсё даражэе, але для кампэнсацыі наступстваў росту цэнаў прапануе «саюзьніцы» падзяліцца з расейскімі «інвэстарамі» чарговай порцыяй прывабных актываў, на гэты раз — прадпрыемствамі машынабудаваньня. У тым самым стылі «крыніца ў Адміністрацыі прэзыдэнта Расеі» зьлівала патрабаваньня Крамля ў часы, калі там сядзеў Пуцін.

Масква гатовая «абмяркоўваць цану газу зь Менскам», — паведаміла крыніца ў расейскім урадзе, — але зыходзячы пры гэтым зь «нязьменнасьці цэнаў, прадугледжаных кантрактамі… з формуламі цэнаў».

Што ж мусіць адбыцца, каб формулы цэнаў далі нізкую канчатковую лічбу? Расейскі ўрад тлумачыць: «Расея цяпер выступае ў гэткай нібыта падвойнай ролі: з аднаго боку, фінансава спрыяе Беларусі, доўгі час ільготнымі цэнамі і крэдытамі і гэтак далей, але зь іншага боку, структура гандлю такая, што мы, па сутнасьці, сыравінны прыдатак Рэспублікі Беларусі». Таму «ступень выраўноўваньня гандлёвага дысбалянсу будзе крытэрам, зыходзячы зь якога РФ вырашыць, ці даць яшчэ адзін «беспрэцэдэнтны крэдыт» Беларусі — калі тая папросіць», — тлумачыць ход думкі ўраду Пуціна агенцтва Ройтэрз.

«Беларусь можа гэтае пытаньне паставіць, гэта яе права, але падрыхтоўка рашэньня аб крэдыце — справа вельмі сур'ёзная… Нам важна, каб крэдыт… спрыяў нашай эканамічнай інтэграцыі… Нам важна, каб гэтыя крэдыты ішлі на мэты рэфармаваньня структуры нашага замежнаэканамічнага аб'ёму».

У далікатнай фармулёўцы расейскага ўраду, «Беларусь здолела б пераадолець нэгатыўныя наступствы росту цэнаў, калі б пашырыла супрацу з РФ ва ўсіх сфэрах».

«Ёсьць інтарэсы ў расейскіх кампаніяў да працы на беларускім рынку», — сказала чыноўніца. «Гэтак, возьмем грузавікі і сельгасмашынабудаваньне: і ў Расеі, і ў Беларусі добрыя гіганты ў гэтай вобласьці, і мы паасобку цяпер быццам бы выходзім на сусьветны рынак… Калі мы свае высілкі там аб'яднаем, у нас ёсьць добры шанец стаць вельмі сур'ёзным гульцом на сусьветным рынку».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?