Касмічны апарат «Юнона», задача якога — даследаванне Юпітара, паспяхова зайшоў на арбіту гэтай планеты, паведаміла НАСА.

Апарат паспяхова выканаў 35-хвілінны манеўр, падчас якога ён знізіў хуткасць і апынуўся пад уздзеяннем гравітацыйных сіл Юпітара.

Падчас гэтага манеўру камандны цэнтр мог абменьвацца з апаратам толькі простымі сігналамі, бо галоўная антэна зонда ў гэты момант накіравана не на Зямлю. Падчас манеўру зонд ляцеў на аўтапілоце, і ўмяшанне аператараў на Зямлі фактычна не патрабавалася.

Плануецца, што місія аўтаматычнай міжпланетнай станцыі прадоўжыцца паўтара года, а пасля гэтага яна самазнішчыцца, спусціўшыся ў атмасферу планеты.

Зонд «Юнона» стаў другім касмічным апаратам, якія выйшлі на арбіту Юпітара пасля «Галілеа», які знаходзіўся на арбіце планеты з 1995 па 2003 год.

Каб дасягнуць Юпітара, касмічнаму апарату коштам 1 млрд даляраў спатрэбілася пяць гадоў. Ён быў запушчаны ў 2011 годзе і з тых часоў пераадолеў 3 млрд кіламетраў.

Калі праект завершыцца паспяхова, навукоўцы ўпершыню змогуць зазірнуць пад аблокі Юпітара і даведацца шмат новага пра гэту планету і ўсю Сонечную сістэму. У прыватнасці, навукоўцы спадзяюцца, што змогуць праверыць гіпотэзу аб наяўнасці ў Юпітара цвёрдага ядра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?