tass.ru

tass.ru

Мотастралковая дывізія, якая ствараецца ў Смаленскай вобласці, увойдзе ў склад 1-й гвардзейскай танкавай арміі і будзе канчаткова разгорнута да сярэдзіны наступнага года. Пра гэта паведаміла ТАСС крыніца ў Генштабе Расіі.

«Генштаб па ўзгадненні з міністрам абароны прыняў канчатковае рашэнне аб тым, што новая Ельнінская мотастралковая дывізія разам з Таманскай мотастралковай і Кантэміраўскай танкавай дывізіямі ўвойдзе ў склад 1-й гвардзейскай танкавай арміі», - сказаў суразмоўца агенцтва.

«Фарміраванне дывізіі ў Смаленскай вобласці пачалося значна пазней, чым аднатыпных злучэнняў у Варонежскай і Растоўскай абласцях, таму завяршэнне яе камплектавання і ўзвядзення для яе аб'ектаў інфраструктуры запланавана не на снежань гэтага года, а на канец першай паловы наступнага года», - удакладніў ён.

Крыніца нагадала, што колькасць дывізіі са штабам у Ельні складзе каля 10 тысяч чалавек.

Паводле яго звестак, у склад новага злучэння ўвойдуць тры мотастралковых і адзін танкавы полк, самаходны артылерыйскі і зенітны ракетны палкі, а таксама падраздзяленні забеспячэння.

Дывізія ў Смаленскай вобласці ўваходзіць у пералік трох новых злучэнняў, аб фарміраванні якіх абвясціў раней кіраўнік Мінабароны РФ Сяргей Шайгу. Вясной начальнік галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштаба Сяргей Рудскі паведамляў, што вайскоўцы пакуль не вызначыліся з падначаленнем Ельнінскай дывізіі.

Ельня знаходзіцца за 110 км ад мяжы з Беларуссю.

Раней таксама паведамлялася пра фармаванне вайсковай базы ў Клінцах Бранскай вобласці, таксама непадалёк ад мяжы з Беларуссю.

Ельнінская дывізія будзе месціцца на адлегласці кароткага маршу ад Оршы — галоўнага транспартнага вузла на поўначы Беларусі, а Клінцоўская — ад Гомеля.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0