Фота getbg.net.

Фота getbg.net.

Калі жанчыны, якія перанеслі няўдалую цяжарнасць, прымаюць перад палавым актам аспірын, яны на 30 адсоткаў павышаюць свае шанцы зачаць хлопчыка. Да такой высновы прыйшлі амерыканскія навукоўцы, аўтары артыкула ў часопісе Journal of Clinical Investigation. Коратка пра даследаванне паведамляе The Daily Mail.

Даследчыкі працавалі з жанчынамі, цяжарнасць якіх скончылася выкідышам. Вядома, што рызыка выкідышу вырастае з-за запаленчых працэсаў у матцы. Лічыцца, што імунная сістэма памылкова ўспрымае плод як іншароднае цела і пачынае атакаваць яго.

Аспірын — гэта несцероідны супрацьзапаленчы прэпарат, які здымае боль і запаленне. Некалькі невялікіх даследаванняў паказалі, што ён павялічвае працэнт удалых цяжарнасцяў сярод жанчын, якія перанеслі працэдуру ЭКА.

Медыкі з Нацыянальнага інстытута здароўя дзяцей і развіцця чалавека (ЗША) давалі 1228 жанчынам, якія спрабавалі зацяжарыць, альбо таблетку аспірыну, альбо плацэба — каб яны прынялі лекі непасрэдна перад палавым актам.

У выніку 31 працэнт пар зачалі хлопчыка (у тых, што прымалі плацэба — 23 працэнты). Сярод пар, якія зачалі дзяўчынак, адрозненні паміж «аспірынавай» групай і групай плацэба апынуліся мінімальнымі (24 і 25 працэнтаў адпаведна). Акрамя таго, у жанчын, якія прымалі лекі, запаленне тканак маткі было менш сур'ёзным.

Такім чынам, ужыванне аспірыну зніжае шанцы, што арганізм не прыме эмбрыён мужчынскага полу. Аднак навукоўцы папярэджваюць: дапаможа такі сродак толькі тым жанчынам, якія пакутуюць ад запаленчых працэсаў у матцы, звязаных з выкідышамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?