Дэлегацыя Беларусі не галасавала па рэзалюцыі Парламенцкай асамблеі (ПА) АБСЕ «Парушэнні правоў чалавека і асноўных свабод у Аўтаномнай Рэспубліцы Крым і горадзе Севастопалі». Гэты дакумент з'яўляецца адной з дадатковых рэзалюцый да Тбіліскай дэкларацыі, прынятай на 25-й сесіі ПА АБСЕ, якая праходзіла 1—5 ліпеня.

«Па рэзалюцыі, якая тычыцца Украіны, мы не бралі ўдзелу ў галасаванні», — паведаміла БелаПАН член пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па міжнародных справах Валянціна Лявоненка, якая ўдзельнічала ў асамблеі.

Паводле слоў парламентарыя, па астатніх пытаннях беларуская дэлегацыя галасавала.

На пасяджэнні ПА АБСЕ былі прынятыя тры асноўныя рэзалюцыі, якія датычацца палітычных пытанняў і бяспекі; эканамічных пытанняў, навукі, тэхналогій і навакольнага асяроддзя; дэмакратыі, правоў чалавека і гуманітарных пытанняў.

Акрамя таго, парламентарыі прынялі 16 дадатковых рэзалюцый, якія датычацца мер рэагавання на крызісы і канфлікты ў рэгіёне, пашырэння супрацоўніцтва ў Балтыйскім рэгіёне, процідзеяння карупцыі, насіллю, у тым ліку сексуальнаму, у адносінах да жанчын і дзяцей, правоў бежанцаў. Асобна былі прынятыя рэзалюцыі па сітуацыі ў Грузіі, Малдове і Украіне. Акрамя таго, быў прыняты дакумент, прысвечаны 30-й гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

***

У рэзалюцыі па Крыме ПА АБСЕ рашуча асудзіла «незаконную анексію Расійскай Федэрацыяй Аўтаномнай Рэспублікі Крым і горада Севастопаля» і парушэнні правоў чалавека на Крымскім паўвостраве, у тым ліку ў дачыненні да Меджліса крымскіх татараў, заклікала дзяржавы — удзельніцы асамблеі ўстрымлівацца ад любых дзеянняў або кантактаў, якія прама ці ўскосна могуць разумець прызнанне змены статусу Крыма. Асамблея «настойліва заклікае Расійскую Федэрацыю пакласці канец агрэсіі супраць Украіны» і як «дзяржаву, што акупуе і ажыццяўляе фактычны кантроль над Крымскім паўвостравам, выконваць свае абавязацельствы па міжнародным праве».

Таксама ў рэзалюцыі выказваецца глыбокая занепакоенасць тым, што «ў Крыме знікае магчымасць атрымання адукацыі на ўкраінскай мове і яе вывучэння ў выніку аказання націску на адміністрацыю школ, настаўнікаў, бацькоў», асуджаюцца абмежаванні свабоды СМІ.

Акрамя таго, ПА АБСЕ «выказвае глыбокую занепакоенасць з нагоды росту мілітарызацыі Крымскага паўвострава і намеру Расійскай Федэрацыі размясціць у гэтым рэгіёне ядзерную зброю, падрываючы мір і бяспеку ў глабальным, агульнаеўрапейскім і рэгіянальным маштабе».

Як паведамлялі СМІ, расійская дэлегацыя выступіла рэзка супраць праекта рэзалюцыі па Крыме і ў знак пратэсту пакінула пасяджэнне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?