Ва ўсёй краіне толькі тры чалавекі здалі ўсе тры іспыты на цэнтралізаваным тэставанні на 100 балаў. 

Сярод іх мінчук і адразу дзве выпускніцы бабруйскай гімназіі №3.

З адной з іх, Ірынай Івах, звязалася «Наша Ніва».

Ірына Івах. Фота са старонкі дзяўчыны УКантакце.

Ірына Івах. Фота са старонкі дзяўчыны УКантакце.

Дзяўчына здала на 100 балаў беларускую і англійскую мовы, а таксама грамадазнаўства. Кажа, што сама такога не чакала. 

«Калі ўбачыла першыя 100 балаў, здзівілася. Зразумела, што ёсць шанец паступіць, куды хачу, — распавядае «Нашай Ніве» Ірына. — Потым былі другія 100 балаў. Вельмі ўзрадавалася: вось, думаю, дакладна прайду! А калі прыйшла трэцяя смс з вынікамі, то адразу паказала сяброўкам: «Гляньце, можа, мне ўжо мроіцца».

Дзяўчына кажа, што хоча паступіць у БДУ на факультэт міжнародных адносінаў, знайсці сваё месца ў жыцці і стаць прафесіяналам. Кім дакладна яна будзе, яшчэ не вырашыла: пакажа час. Найхутчэй, яе прафесія будзе звязаная з дыпламатыяй.

«Рэпетытар у мяне быў толькі па грамадазнаўстве. Па беларускай і англійскай мовах хадзіла з 10 класа на школьныя факультатывы», — падзялілася Іра і прызналася, што не выдатніца — ёсць васьмёрка па хіміі.

Дзяўчына кажа, што беларускую мову здавала з прагматычных меркаванняў. 

«Мяне пераконвалі, што наша мова прасцейшая за рускую. Што заданні на ЦТ лягчэйшыя, — патлумачыла Іра. — Мая настаўніца казала, што школьная праграма па беларускай мове вельмі скалечаная. Гадзіна на тыдзень — гэта вельмі мала. Я таксама думаю, што трэба, каб было больш. Мне, дарэчы, Шамякін падабаецца. Любімая кніга — «Сэрца на далоні», — дзеліцца абітурыентка. 

Аднак так мала гадзін беларускай мовы — не адзіны недахоп, які бачыць Ірына ў школьнай адукацыі. 

«Прадметы ў школе даюць па-мінімуму, — мяркуе дзяўчына. — Больш працуеш дома. Хатняе заданне і падрыхтоўка да экзаменаў займаюць вельмі шмат часу. Хутчэй, займаешся самаадукацыяй. А самі падручнікі трэба было б перапісаць дасціпнай мовай. Каб прачытаў і адразу зразумеў, пра што ідзе гаворка. Бо даводзіцца па некалькі разоў перачытваць, пакуль усё ўцяміш. Таксама зменшыла б колькасць дамашняга задання. У старэйшых класах вялізныя аб'ёмы. Шмат непатрэбнага. Не ўлічваецца, што і адпачыць трэба, і пагуляць, яшчэ штосьці зрабіць».

На думку Іры, тыя, хто крытыкуюць ЦТ, у чымсьці маюць рацыю, але не ва ўсім. 

«Дзесьці вусны экзамен пры паступленні і лепей, каб ацаніць здольнасці абітурыента, а недзе і не. Мне пісьмовы лягчэй было здаваць. На вусным я б перахвалявалася і не ведаю, ці сказала б там хоць што-небудзь», — мяркуе Іра. 

Дзяўчына таксама дадае, што за такі выбітны вынік на ЦТ бацькі купілі ёй пуцёўку на мора ў жніўні. Яе бацька — вядучы інжынер на «Белшыне», а маці — доктарка ў дзіцячай паліклініцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?