Дырэктар Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча Тацяна Шаляговіч спадзяецца, што да 2011 году ў Менску будзе адноўлены дом, дзе нарадзіўся паэт.

У інтэрвію БелаПАН Т. Шаляговіч адзначыла, што на фундамэнтах, якія захаваліся, гэтага двухпавярховага дому (першы паверх — цагляны, другі — драўляны), што знаходзяцца па вуліцы Багдановіча, быў узьведзены аднапавярховы будынак, што спачатку разьмяшчаўся пункт прыёму шклотары, а затым офіс гандёвай фірмы.

«Праект аднаўленьня бацькоўскага дому паэта быў распрацаваны яшчэ да 100‑годзьдзя з дня нараджэньня Максіма Багдановіча (1891). Аўтары праекту улічылі, што ў канцы ХІХ стагодзьдзя на першым паверсе разьмяшчалася Першае менскае прыходзкае вучылішча, а на другім — кватэры выкладчыкаў. Вось чаму на першым паверсе прапануецца адкрыць школу ці цэнтар дзіцячай творчасьці, а на другім — аднавіць абстаноўку менскай інтэлігенцыі канца XIX — пачатку XX ст. Экспазыцыя другога паверху павінна ўключаць рэчавыя, пісьмовыя і выяўленчыя матэрыялы эпохі, у тым ліку фатаздымкі з архіву сям’і Багдановічаў, апавядаць пра рознабакова адораных бацькоў паэта — Марыю і Адама, а таксама пра таленавітых дзяцей, ‑‑ кажа Т. Шаляговіч

Яна мяркуе, што ідэя аднаўленьня бацькоўскага дому М. Багдановіча, падтрыманая грамадзкасьцю, будзе падтрымана і ўладамі гораду.

Марат Гаравы, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0