Прэфект Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў запрасіў да дыскусіі вакол вяртання да цэлебрацыі св. Імшы «ad orientem», гэта значыць тварам на ўсход, а не павярнуўшыся да вернікаў. 

«Вельмі важна, каб мы вярнуліся як мага хутчэй да агульнай арыентацыі, святароў і вернікаў, разам у адным кірунку – на ўсход ці, па меншай меры, да апсіды – да Пана, Які прыходзіць», сказаў кардынал Рабер Сара, якога цытуе «Catholic Herald», на літургічнай канферэнцыі ў Лондане.

Прапанову ўжо назвалі самай значнай літургічнай заявай пасля дакументу Бэнэдыкта XVI «Summorum Pontificum» з 2007 г., які дазволіў больш шырокі ўжытак «трыдэнцкай імшы», дарэформеннага брэвіярыя і дарэформенных абрадаў. 

Добрай датай для ўвядзення змен, дзе гэта магчыма, кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі назваў Першую нядзелю Адвэнту. Гэты крок будзе «добрым для Касцёла, і таксама добрым для нашага народа», — перакананы кардынал Сара.

У сваім выступленні іерарх спаслаўся на просьбу папы Францішка, які даручыў яму разгледзець шляхі «рэформы рэформы» Другога Ватыканскага Сабору ў галіне літургіі. Некаторыя з рэформаў, якія адбыліся пасля Сабору, былі праведзены пад уплывам духу часу і выйшлі за межы літургічнай канстытуцыі «Sacrosanctum Concilium», хоць Саборныя Айцы гаварылі «не пра рэвалюцыю, а пра эвалюцыю», заўважыў кардынал.

Кірунак «ad orientem» мае ў літургіі сваё значэнне. Каталіцкія храмы ад старажытных часоў будаваліся арыентаванымі на ўсход, адкуль узыходзіць сонца. Гэта было звязана з памяццю пра вяртанне Езуса ў апошні дзень. Сімвалам Хрыста, які прыносіць святло і жыццё, у хрысціянскай традыцыі было менавіта сонца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?