Viber і World of Tanks — вядомыя на ўвесь свет беларускія IT-брэнды. Але ці толькі гэтымі прадуктамі вядомая беларуская IT-індустрыя? Максім Маханькоў вырашыў разгледзець іншыя камп’ютарныя праграмы беларускага паходжання, якія сталі папулярнымі ў свеце, і склаў уласны топ-5.

Bittorrent Sync

Перадача інфармацыі і абмен файламі — самыя запатрабаваныя аперацыі ў інтэрнэце. Для гэтай мэты былі створаны самыя розныя сэрвісы. Воблачныя сховішчы (Dropbox, Google Drive, iCloud, OneDrive) выявіліся даволі зручнымі. Усе дадзеныя захоўваюцца на так званым «воблаку», якое з’яўляецца, з пункту гледжання кліента, адным вялікім віртуальным серверам. Фізічна ж гэтыя серверы могуць знаходзіцца нават на розных кантынентах.

Нягледзячы на зручнасць такіх сэрвісаў, яны маюць праблему бяспекі і канфідэнцыйнасці інфармацыі: пабачыць вашы файлы могуць спецслужбы. Вырашыць гэтую праблему паспрабаваў беларускі інжынер Канстанцін Лісуноў. У 2013 годзе ён узяў удзел у хакатоне, які быў арганізаваны яго працадаўцам (кампаніяй BitTorrent). За некалькі гадзін Лісуноў, які на той момант ужо 2 гады быў кіраўніком мінскага офіса BitTorrent, распрацаваў праграму BitTorrent Sync.

Дапрацоўвала дадатак мінская каманда BitTorrent. Праграма дазваляе дасылаць і сінхранізаваць файлы паміж прыладамі без выкарыстання сервераў. Трансферы адбываюцца ў зашыфраваным выглядзе і інфармацыя не захоўваецца ў «воблаку», а дасылаецца наўпрост на іншую прыладу.

З-за таго, што пры перадачы файлаў не выкарыстоўваецца сервер, спецслужбам робіцца складаней атрымаць вашу інфармацыю. Адсутнасць сервера вырашыла і іншыя праблемы сінхранізацыі дадзеных: абмежаванні на памер файлаў і хуткасць перадачы.

Sync выкарыстоўвае пратакол P2P (пратакол, які выкарыстоўваецца ў торэнтах). Галоўны плюс пратакола — простая перадача файлаў вялікага памеру.

Сінхранізаваць файлы на розных прыладах можна аўтаматычна (для гэтага трэба наладзіць злучэнне паміж дэвайсамі пры дапамозе QR-кода) альбо ўручную, калі ў вас ёсць спасылка альбо ключ, згенераваны ўладальнікам файла. Калі вы хочаце падзяліцца файлам з іншым чалавекам, вы генеруеце спасылку альбо код і дасылаеце яе таму, з кім хочаце падзяліцца. У апошніх версіях Sync з’явілася магчымасць ствараць зашыфраваныя папкі.

У праграмы ёсць толькі адзін істотны недахоп: для сінхранізацыі розных прылад яны павінны адначасова мець падключэнне да Інтэрнэту, бо Sync не выкарыстоўвае сервер. Вы не можаце, як у Dropbox, раніцай адрэдагаваць файл на хатнім камп’ютары, выключыць яго, прыехаць на працу і адчыніць апошнюю версію файла на працоўным камп’ютары.

У чэрвені 2016 года стала вядома, што BitTorrent вырашыў выдзеліць BitTorrent Sync са свайго складу ў асобную кампанію Resilio Inc., якая працягне распрацоўку праграмы пад назвай Resilio Sync. Кіраваць гэтай кампаніяй будзе былы дырэктар BitTorrent Эрык Клінкер, а мінскі офіс працягне займацца распрацоўкай прадукту. Канстанцін Лісуноў да гэтага часу з’яўляецца кіраўніком мінскага офіса, хаця большую частку часу праводзіць у Сан-Францыска, дзе знаходзіцца галоўны офіс BitTorrent.

PandaDoc

Летам 2013 года праграмісты з Беларусі Мікіта Мікада і Сяргей Барысюк распрацавалі праграму PandaDoc, якая дазваляе пазбавіцца ад паперы ў дакументаабароце любой кампаніі.

Гэты дадатак значна эканоміць час і сродкі, якія ідуць на стварэнне і подпіс розных папяровых дакументаў і іх апрацоўку.

PandaDoc дазваляе лёгка праглядаць дакументы анлайн і нават ставіць электронныя подпісы. Праграма працуе з усімі самымі папулярнымі фарматамі (PDF, DOCX і інш.). PandaDoc прапануе вялікую колькасць шаблонаў, што значна спрашчае стварэнне новых дакументаў.

Праца з дакументамі робіцца больш інтэрактыўнай і простай. Дакументы можна ўдакладняць вялікай колькасцю каментароў і нават відэа.

PandaDoc, у першую чаргу, арыентавана на індывідуальных прадпрымальнікаў і невялікія прадпрыемствы. На сённяшні дзень больш за 5 тысяч кампаній карыстаюцца прадуктам, распрацаваным праграмістамі з Беларусі.

Гэта ўжо не першы падобны сумесны праект Барысюка і Мікада. Яшчэ ў 2011 годзе яны стварылі праграму Quote Roller, якая таксама выконвае прыблізна тыя ж функцыі, што і PandaDoc. Але Quote Roller выкарыстоўвалася толькі ў продажах, у той час як PandaDoc можна карыстацца ў розных сферах.

Мікада і Барысюк ужо некалькі разоў прыцягвалі інвестыцыі пад свае прадукты. У 2013 годзе кампанія прыцягнула 655 тысяч даляраў ад фондаў Kima Ventures, Altair Capital і яшчэ 400 тысяч даляраў у 2014 годзе праз фонд TMT Investments. А ў ліпені 2015 стала вядома, што PandaDoc атрымала 5 мільёнаў даляраў інвестыцый ад Altos Ventures і іншых інвестараў. Інвестыцыі патрэбныя, каб пашырыць геаграфію і павялічыць колькасць кліентаў. Сфера даволі новая, і рынак яшчэ не ахоплены, таму хлопцы куюць жалеза, пакуль гарачае.

ME

У 2010 годзе беларускі праграміст Юрый Мельнічак заснаваў у Цюрыху кампанію MapsWithMe з цэнтрам распрацоўкі ў Мінску. Ужо ў 2011 годзе кампанія прэзентавала афлайн-мапу для смартфонаў Maps.me.

Картаграфічны дадатак даступны для ўсіх самых папулярных мабільных платформ. Праграма запампоўвае мапы горада альбо краіны з усімі аб’ектамі ў памяць прылады і застаецца цалкам функцыянальнай без падключэння да Інтэрнэту.

Maps.me арыентуецца па GPS, можа будаваць маршруты паміж зададзенымі пунктамі, шукаць аб’екты на мапе і даваць пра іх падрабязную інфармацыю. З нядаўняга часу карыстальнікі могуць рэдагаваць аб’екты на мапах з самога дадатка.

Перад тым, як Юрый Мельнічак стварыў Maps.me, ён паспеў папрацаваць над картаграфічным сэрвісам Google. Таксама над праграмай працавалі Аляксандр Залатароў, Віктар Гавака і Сяргей Рэчыцкі. Maps.me ствараўся на сродкі заснавальнікаў: для фінансавання стартапа Юрый Мельнічак прадаў кватэру ў Мінску.

Але рызыка была апраўданая. Ужо ў 2012 годзе стартап перамог на Startup Monthly у Вільнюсе. Стваральнікі ў якасці прыза атрымалі дзевяцітыднёвую стажыроўку ў Сіліконавай даліне.

У 2014 годзе Maps.me разглядала некалькі прапаноў па продажы сэрвісу (у тым ліку Google і Яндэксу). Але каманда не захацела прадаваць прадукт «на зарэз», таму прадалі Mail.ru Group. Кошт пагаднення — ад 10 да 20 млн даляраў. Расейскі гігант быў зацікаўлены ў далейшым развіцці сэрвісу і захаванні аўтаноміі стартапу ў сваёй структуры. У Mail.ru нават адмовіліся ад уласнага прадукту карты@mail.ru на карысць Maps.me.

Юрый Мельнічак перастаў кіраваць праектам у лютым 2016 года. Зараз ён з’яўляецца яго кансультантам і сканцэнтраваны на сваіх новых праектах.

MSQRD

Ператварыцца ў Сталіна альбо малпу — няма нічога прасцейшага.

Распрацоўка беларусаў Яўгена Неўгеня і Сяргея Ганчара ў рэальным часе грыміруе пад вядомага чалавека, тыпаж альбо жывёлу. Цікава, што ментарам праекта MSQRD быў Юрый Гурскі. Ён жа быў і ментарам MAPS.ME.

У пачатку 2016 года праграма MSQRD стала вядомай на ўвесь свет. У лютым 2016 пра MSQRD напісала папулярнае брытанскае выданне Daily Mail, а ў сакавіку Джымі Кімел паказаў беларускую праграму ў сваім папулярным тэлешоу.

Дадатак атрымаў шалёную папулярнасць і ўвайшоў у топ-5 амерыканскага App Store.

У выніку Facebook набыў беларускую праграму MSQRD, а яе галоўныя распрацоўшчыкі пераехалі на працу ў лонданскі офіс Facebook. У дадзены момант Facebook займаецца інтэграцыяй MSQRD у свае відэасэрвісы, а таксама плануе дадаваць у праграму новыя функцыі.

«Masquerade стварылі фантастычны дадатак з відэатэхналогіямі сусветнага ўзроўню. Мы радыя вітаць Masquerade у нашай камандзе і працягнем займацца развіццём відэасервісаў сацсеткі», — адзначыў прадстаўнік Facebook.

TrackDuck

TrackDuck — сэрвіс візуальнай зваротнай сувязі і адсочвання памылак для вэб-распрацоўшчыкаў і дызайнераў.

Праект быў заснаваны беларусам Яўгенам Івашкевічам і літоўцам Эдмундасам Бальчыконісам. Яны ўпершыню сустрэліся ў 2013 годзе на хакатоне Garage48 у Мінску, дзе ў іх і ўзнікла ідэя стварэння падобнага прадукту. Пасля гэтага беларуска-літоўская каманда прайшла інкубатар StartupSauna ў Мінску і ўдзельнічала ў шматлікіх конкурсах, дзе яны займалі прызавыя месцы.

У канцы 2013 года Івашкевіч і Бальчыконіс зарэгістравалі сваю кампанію ў Вільні, а гатовая версія прадукту выйшла ў пачатку 2014 года.

TrackDuck вырашае праблемы зваротнай сувязі пры распрацоўцы — ад дызайну да запушчанага сайта. З дапамогай TrackDuck кліент альбо сябра каманды можа проста зайсці на свой вэб-сайт, адным клікам адзначыць няправільнае месца на старонцы, і праблема ў гэты ж момант патрапіць да чалавека, які яе выправіць. Каманда праекта пры гэтым заўсёды будзе бачыць статус існуючых праблем у выглядзе пунктаў на сайце. Усе тэхнічныя дэталі, якія выклікалі памылку, і скрыншот старонкі (робіцца на старонцы кліента) будуць даступныя на зручнай панэлі кіравання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?