Джарэд Кушнэр, муж дачкі Доналда Трампа Іванкі, распавёў пра гэта на старонках газэты The New York Observer, якая яму самому і належыць.

Карані сям’і Кушнэра, паводле яго, з Наваградка.

«Я — унук людзей, што ацалелі у Халакосце, — піша ён. — 7 снежня 1941 года, у дзень нападу на Пэрл-Харбар, нацысты атачылі Наваградскае гета і пашыхтавалі яго насельніцтва ў два шэрагі: каму паміраць — справа, каму жыць — злева. Сястра маёй бабулі, Эстэр, кінулася хавацца ў суседнім доме. Хлопец, які бачыў, як яна ўцякала, выцягнуў яе адтуль, і яна апынулася ў ліку прыкладна 5100 яўрэяў, што загінулі ў гэтай першай разьні наваградскага яўрэйства. У 1943 годзе ў ноч перад юдэйскім Новым годам 250 чалавек — усё, што засталося ад 20-тысячнага яўрэйскага насельніцтва горада, задумалі ўцячы праз выкапаны імі падземны ход, які выводзіў за агароджу. Яны абясточылі пражэктары і вынялі цвікі з бляшанай страхі, каб яна грукатала на ветры і заглушала гукі ўцёкаў».

«Мае бабуля з сястрой не жадалі пакідаць бацьку і апынуліся ў ліку апошніх, — распавядае цяперашні нью-ёркскі бізнэсовец і выдавец. — Калі ж першыя ўцекачы выбраліся з падземнага ходу, там іх чакалі нацысты і пачалі страляць. Брат маёй бабулі Ханон, па якім назвалі майго бацьку, загінуў там, і зь ім яшчэ каля 50 чалавек. Бабуля дабралася да лесу, дзе ўступіла ў партызанскі атрад братоў Бельскіх. Там яна сустрэлася з дзядулем, які ўцёк з працоўнага лагера. Да таго ён тры гады пражыў у лесе ў зямлянцы — фактычна ў яме, якую ён сам выкапаў — сілкуючыся падножным кормам, хаваючыся і начуючы ў гэтай яме нават суровай зімою».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?