Вялікі і добры волат
Жанр: прыгоды, фэнтэзі, сямейны
Рэжысёр: Стывен Спілберг
У ролях: Марк Райлэнс, Рубі Барнхіл, Пенелопа Уілтан, Джэймен Клемент, Рэбека Хол.
Вялікабрытанія, Канада, ЗША, 117 хв.
Адзнака: 7

Сафі жыве ў дзіцячым доме — яе родныя загінулі. Яна часцяком не можа заснуць ноччу.

Аднаго разу яна ўбачыла ў акенца вялізную істоту, якая падыходзіла да суседніх дамоў і праз трубу дзьмула ў вокны спальняў. У поўнай адпаведнасці са старадаўнімі павер'ямі і дзіцячымі страшылкамі, велікан заўважыў Сафі і забраў да сябе у краіну веліканаў.

Як аказалася, у гэтай краіне ён адзіны добры велікан: у адрозненне ад сваіх старэйшых братоў ён не харчуецца людзьмі. Наадварот, ён збірае добрыя сны і па начах раздае іх дзецям. Але ніхто з людзей не павінен бачыць веліканаў — тады іх упалююць і пасадзяць за краты, як у заапарку. Сафі вымушаная пражыць з Вялікім і Добрым волатам да канца сваіх дзён, але яна не згодная мірыцца паводзінамі іншых веліканаў, якія штоноч ядуць дзяцей.

Фільм зняты па аднайменнай кнізе брытанскага пісьменніка Роальда Даля.

У апошнія гады жыцця ён шмат пісаў для дзяцей, і гэтыя кнігі экранізаваліся найчасцей. Найбольш вядомая экранізацыя Ціма Бёртана «Чарлі і шакаладная фабрыка» (2005).

Гэтым разам за перанясенне кнігі на экран узяўся вядомы ў Галівудзе рэжысёр, удадальнік некалькіх «Оскараў» Стывен Спілберг, які да таго здымаў трылеры і драмы ( «Спіс Шындлера»(1993), «Уратаваць радавого Раяна» (1998), «Злаві мяне, калі зможаш» (2002)).

У рэжысуры дзіцячай казкі гэты фільм — яго першы досвед. У інтэрв'ю ён прызнаўся: «Я вельмі асцярожна ставіўся да выбару сваёй першай казкі. Калі я прачытаў кнігу Роальда Даля сваім дзецям, я зразумеў, што, калі я ўсё ж такі збяруся здымаць казку, гэта будзе менавіта гэтая гісторыя».

На роль галоўнай гераіні, меленькай Сафі, была ўзятая дзесяцігадовая вучаніца школы Lower Peover (Вялікабрытанія) Рубі Барнхіл. Падчас падрыхтоўкі да праслухоўвання ёй давялося вывучыць шэсць старонак дыялогу з волатам. Велікана сыграў уладальнік сёлетняга «Оскара» (найлепшая роль другога плана ў фільме «Шпіёнскі мост»), брытанец Марк Райлэнс.

«Вялікі і добры волат» таксама з'яўляецца першым фільмам Спілберга, знятым пад брэндам «Дысней». У стужцы скарыстаныя самыя сучасныя тэхналогіі. Райлэнс выканаў ролю персанажа пры дапамозе тэхналогіі захопу руху. Было збудавана тры здымачныя пляцоўкі. На адной з іх рэчы і дэкарацыі былі вырабленыя ў гіганцкіх памераў, каб Рубі Барнхіл змагла адчуць сябе ў краіне веліканаў.

Кнігі Роальда Даля адрозніваюцца з'едлівасцю і іроніяй. Даль не лічыў дзяцей дурнейшымі за дарослых, яго чароўныя сюжэты былі толькі абгорткамі да жорсткай рэчаіснасці. На жаль, усе, хто браўся экранізаваць дзіцячыя кнігі Даля, пазбаўлялі фільмы гэтага глыбокага сэнсу.

На выхадзе атрымліваецца цудоўная, прыгожая, добрая казка, але яўна аддаленая ад арыгіналу.

Гэтак жа выйшла з «Веліканам». У фільме шмат дыялогаў, але некаторыя сэнсы згубленыя (чаго вартыя развагі волата про тое, што толькі людзі забіваюць адзін аднаго дзеля забавы, калі іншыя жывёлкі, нават драпежнікі, гэтага не робяць). Дададзена экшну і драматычных ліній, хоць самае страшнае, што адбываецца на экране - сцэны здзеку з маленькага 7-метровага добрага велікана яго здаравеннымі 15-метровымі братамі. У канцы кнігі веліканаў фактычна саджаюць за краты (адбываецца тое, чаго яны і баяліся), у фільме ж усё трохі мякчэй і гуманней.

У выніку маем фантастычна прыгожую казку, якая, безумоўна, вартая прагляду разам з дзецьмі. Магчыма, разам з дзецьмі варта таксама пачытаць і кнігі Даля.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?