Міністар замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей і папскі легат арцыбіскуп Вены кардынал Крыстаф Шонбарн на сустрэчы 1 ліпеня ў Мінску абмяркоўвалі магчымасць візыту папы рымскага Францішка ў Беларусь.

Пра падрабязнасці сустрэчы з кіраўніком беларускага замежнапалітычнага ведамства пасланнік пантыфіка распавёў у інтэрв'ю афіцыйнаму парталу Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі.

Кардынал Шонбарн наведаў Беларусь на мінулым тыдні. У якасці асабістага пасланца папы Францішка ён узяў удзел ва ўрачыстасцях з нагоды 25-годдзя абвяшчэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі.

На сустрэчы з кіраўніком беларускага МЗС, паводле словаў арцыбіскупа Вены, былі ўзнятыя пытанні свабоды рэлігіі, правоў чалавека на свабоду веравызнання, міру ва Украіне.

«Мы, вядома, казалі ў тым ліку і пра апошні візіт беларускага прэзідэнта ў Ватыкан і яго сустрэчу з папам Францішкам, — сказаў кардынал. — Таксама абмяркоўвалі шанцы таго, ці магчымы быў бы візыт у адказ і якія перадумовы павінны для гэтага быць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?