Пра вынікі судовага працэсу паведаміла прэс-сакратар Гомельскага абласнога суда Вольга Барсукова.

23-гадовы жыхар Мазыра яшчэ ў кастрычніку 2012 года падбухторваў аднаго з прызыўнікоў даць хабар у 1,5 тысячы даляраў, каб яго прызналі нягодным да вайсковай службы і вызвалілі ад прызыву. Атрымаўшы неабходную суму, ён перадаў у якасці хабару свайму знаёмаму — начальніку аддзела прызыву на вайсковую службу Мазырскага РВК — 100 даляраў за станоўчае вырашэнне пытання аб вызваленні маладога чалавека ад прызыву. Астатнімі грашыма распарадзіўся па ўласным жаданні.

Пазней малады чалавек паставіў злачынную схему на паток. Па версіі следства, у яго спісе адмазаных ад войска было не менш за 14 чалавек. Некаторых прызыўнікоў ён падманваў і не перадаваў атрыманыя грошы ў ваенкамат, а распараджаўся па ўласным жаданні — гэта значыць здзейсніў махлярства.

Начальнік аддзела ваенкамата таксама ўступіў у злачынную змову з доктарам-траўматолагам, які за хабар павінен быў ставіць прызыўнікам заведама ілжывы дыягназ аб наяўнасцi ў iх захворванняў, якія перашкаджаюць праходжанню вайсковай службы — як правіла «скаліёз пазваночніка 2-й ступені».

8 ліпеня ўсе трое паўсталі перад судом. Сярод абвінаваўчых артыкулаў у іх адрас фігуравалі пасобніцтва ў дачы хабару, падбухторванне ў дачы хабару, махлярства, замах на ўчыненне махлярства, легалізацыя («адмыванне») матэрыяльных каштоўнасцяў, набытых злачынным шляхам, атрыманне хабару, замах на атрыманне хабару, злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі.

У выніку суд вынес рашэнне прызначыць начальніку аддзела ваенкамата пакаранне ў выглядзе 6,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў тэрмінам на 5 гадоў. Лекар асуджаны на 3,1 гады пазбаўлення волі з такімі жа ўмовамі. Іх агульны прыяцель правядзе за кратамі 5 гадоў.

Прысуд у законную сілу не ўступіў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?