Фота newsader.com.
Беларусь заўсёды выступала і выступае за наўпросты, без пасрэднікаў, дыялог з усімі партнёрамі, у тым ліку НАТА, зыходзячы са сваіх нацыянальных інтарэсаў і на аснове ўзаемнай павагі.
Пра гэта гаворыцца ў каментарыі начальніка ўпраўлення інфармацыі — начальніка аддзела прэс-службы МЗС Марыі Ваньшынай з нагоды выказвання міністра замежных спраў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага.
На прэс-канферэнцыі ў Варшаве 8 ліпеня кіраўнік польскага МЗС заявіў пра гатоўнасць Польшчы іграць ролю партнёра і пасрэдніка, які наблізіў бы Беларусь да супрацоўніцтва з НАТА. Ён падкрэсліў, што альянс адкрыты для супрацоўніцтва з Беларуссю.
«Нагадаю таксама пра тое, што найважнейшым прынцыпам знешняй палітыкі Беларусі з'яўляецца падтрыманне і далейшае ўмацаванне сяброўскіх і добрасуседскіх адносін з краінамі-суседзямі па ўсім перыметры нашых граніц, — адзначыла Ваньшына. — Мы адкрытыя да далейшага развіцця супрацоўніцтва з Польшчай, якая, акрамя ўсяго іншага, традыцыйна ўваходзіць у першую дзясятку гандлёвых партнёраў і інвестараў Беларусі».
«Калі ж казаць аб узаемадзеянні з Арганізацыяй Паўночнаатлантычнага дагавора, то тут няма альтэрнатывы адкрытаму, шчыраму дыялогу паміж усімі зацікаўленымі бакамі на нашым кантыненце ў інтарэсах міру і стабільнасці. Мы выступаем за канструктыўнае ўзаемадзеянне паміж НАТА і Беларуссю, НАТА і Расіяй, паміж усімі інтэграцыйнымі (як эканамічнымі, так і ваенна-палітычнымі) блокамі, у мэтах сумеснага рэагавання на многія выклікі рэгіянальнай бяспекі», — адзначыла Марыя Ваньшына.
Пры гэтым яна падкрэсліла, што Беларусь «адназначна выступае супраць нагнятання ваеннай напружанасці ў нашым рэгіёне, супраць таго, каб ствараліся новыя раздзяляльныя лініі ў Еўропе».