Гэта першы выпадак гібелі, звязаны з вірусам Зіка, у кантынентальнай частцы ЗША, паведамляе Reuters са спасылкай на заяву Цэнтраў па кантролі і прафілактыцы захворванняў ЗША (федэральнае агенцтва, падпарадкаванае Міністэрству аховы здароўя).
Пра смерць пажылога мужчыны ў пятніцу паведаміла Міністэрства аховы здароўя акругі Солт-Лэйк.
Дакладная прычына смерці невядомая, гаворыцца ў прэс-рэлізе міністэрства, аднак адзначаецца, што нябожчык быў заражаны вірусам Зіка.
Ён заразіўся падчас паездкі ў зону, дзе гэтая ліхаманка актыўна распаўсюджваецца. Вызначыць, як менавіта вірус паўплываў на смерць мужчыны, немагчыма, дадалі ў Міністэрстве аховы здароўя.
Ліхаманка Зіка — захворванне, якое перадаецца праз укусы камароў роду Aedes. Яго сімптомамі з'яўляюцца жар, сып, галаўны і сустаўны боль, апуханне суставаў.
Асаблівую небяспеку ліхаманка ўяўляе для цяжарных жанчын, бо інфекцыя выклікае мікрацэфалію з патэнцыйнымі цяжкімі хваробамі мозгу.
Пакуль што вакцына ад віруса Зіка ня распрацаваная. Маштабная эпідэмія віруса Зіка пачалася ў 2014 годзе ў Лацінскай Амерыцы.