Фота: nato.int

Фота: nato.int

У гэтыя дні ў Варшаве адбываецца саміт НАТА, куды запрошаныя прадстаўнікі ўсіх краін — сяброў арганізацыі і таксама партнёры, кшталту Грузіі, Арменіі і Украіны.

Абмяркоўваецца шырокае кола пытанняў: ад стрымлівання Расіі да ўнутраных выклікаў у сувязі з Brexit'ам, тэрарызмам, міграцыяй і выбарамі ў ЗША.

Беларусь на саміце афіцыйна не прадстаўленая ніяк, хоць адно з цэнтральных пытанняў саміта — размяшчэнне каля мяжы з Беларуссю чатырох новых батальёнаў НАТА.

Каб даведацца, што адбываецца на сустрэчы Альянса, «Наша Ніва» звязалася з кіраўніком беларускага Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных даследаванняў Арсенем Сівіцкім, які з групай беларускіх экспертаў прысутнічаў у Варшаве ў якасці незалежнага назіральніка.

 

Наогул кажучы, пра Беларусь на саміце гавораць мала.

«Беларускае пытанне амаль не гучала, — сказаў Арсень. — Толькі міністр замежных справаў Польшчы адзначыўся, сказаўшы, што яго дзяржава гатова стаць пасярэдніцай у супрацоўніцтве паміж Беларуссю і НАТА. Асноўныя ж рашэнні прымаюцца для стрымлівання Расіі — так, разгорнуцца 4 новыя батальёны ў Прыбалтыцы і Польшчы. Яны не нясуць пагрозы для Беларусі — такой колькасці войскаў недастаткова, каб стварыць яе, але гэта прамы мэсыдж Расіі: калі яна вырашыць напасці на адну з краін НАТА, то пяты артыкул Альянса адразу ж будзе задзейнічаны. І гарантыя гэтаму — змяшаны склад разгорнутых батальёнаў — там будуць прадстаўленыя грамадзяне ўсіх 28-мі краін НАТА».

Мяркуючы ж па размовах у кулуарах саміта, да нашай краіны стаўленне неадназначнае.

«Калі казаць, як нас успрымаюць у Альянсе — то сітуацыя даволі складаная. Стратэгічнае планаванне НАТА разглядае Беларусь у якасці безумоўнага ваенна-палітычнага саюзніка Расіі. Лічыцца, што, калі Расія праявіць агрэсію да прыбалтыйскіх краін, то мы, маўляў, аўтаматычна яе падтрымаем у сувязі з сур'ёзнай ваеннай інтэграцыяй. На жаль, да гэтай пары ў НАТА пануе такое ўспрыманне Беларусі, нягледзячы на тыя ўстаноўкі, што транслююцца кіраўніцтвам Беларусі: узяць хаця б гарантыю таго, што мы не дазволім трэцім краінам выкарыстоўваць нашу тэрыторыю для атак на суседнія дзяржавы. Такім чынам, ад нас патрабуецца актыўней трансляваць міжнароднай супольнасці нашу абарончую і міралюбівую палітыку», — сказаў Сівіцкі і дадаў, што паміж НАТА і Беларуссю самы нізкі ўзровень супрацоўніцтва сярод усіх пастсавецкіх краін.

«Нават у межах тых інструментаў, якія сёння маюцца — гэта праграма «Партнёрства дзеля міру» — мы паводзім сябе не вельмі актыўна. Каб было трохі па-іншаму, беларускі бок быў бы запрошаны на саміт, як, напрыклад, Арменія», — выказаў думку беларускі назіральнік.

Таксама Сівіцкі дадаў, што ў Альянсе ставяцца трохі скептычна да нядаўніх заяваў Уладзіміра Макея пра патрэбу як мага хутчэйшай арганізацыі дыялогу паміж Беларуссю і НАТА.

«Пакуль што гэтыя заявы ўспрымаюцца з невялічкай доляй скептыцызму, — сказаў Сівіцкі. — Ніхто не разглядае гэта як сігнал, што ў бліжэйшай будучыні Беларусь выйдзе з АДКБ і саюзных арганізацый з Расіяй. У размовах з прадстаўнікамі МЗС Польшчы і вайсковымі экспертамі я зразумеў, што яны ставяць пад сумнеў сам ваенны суверэнітэт Беларусі. І нашы Узброеныя сілы разглядаюцца як глыбока інтэграваная частка расійскіх войскаў. Канечне, гэта цалкам не адпавядае той сітуацыі, якая існуе на сёння, і некаторыя ў НАТА гэта разумеюць — той жа сцэнар вучэнняў «Анаконды», калі «вялікая краіна анексуе меншую і на хвалі эйфарыі ідзе на Прыбалтыку» — ужо сведчанне таго, што некаторыя стратэгічныя ўстаноўкі Беларусі ў НАТА пачулі і пакрысе перастаюць атаясамліваць беларускае войска з расійскім. Але трэба яшчэ выразней даводзіць нашым партнёрам, што беларускія Узброеныя сілы — самастойныя і незалежныя ад Расіі, а мы самі праводзім незалежную вайсковую палітыку. Гэта адзіная магчымасць пераадолець гэты скепсіс».

Таксама эксперт дадаў, што, на думку заходніх стратэгаў, самым імаверным сцэнаром канфлікту паміж Расіяй і НАТА будзе гібрыдная вайна ў Прыбалтыцы. А для яе паспяховага вядзення, маўляў, Расіі патрэбна кантраляваць тэрыторыю Беларусі, бо з нашай тэрыторыі ствараць пагрозы нашмат прасцей.

«У НАТА разумеюць нашы праблемы, але аб глыбокім супрацоўніцтве казаць пакуль рана», — перакананы Сівіцкі.

Таксама беларускі назіральнік дадаў, што беларускія «Паланэзы» не ўспрымаюцца як пагроза краінам Альянсу.

Сярод іншых, больш далёкіх ад Беларусі рашэнняў саміта, — гэта ўзмацненне прысутнасці не толькі на ўсходнім, але яшчэ на паўднёва-ўсходнім кірунку (разгортванне брыгады ў Румыні і рашэнне працягваць узмацненне сістэмы проціракетнай абароны).

Таксама падпісанае пагадненне паміж ЕС і НАТА аб стратэгічным супрацоўніцтве і аб неабходнасці ўзмацніць вайсковае ўзаемадзеянне і павялічыць колькасць сумесных вучэнняў, а таксама пашырыць абмен разведдадзенымі паміж генеральнымі штабамі еўрапейскіх краінаў і натаўскімі структурамі і выпрацаваць сумесныя меры ў супрацьдзеянні гібрыдным пагрозам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?