Найбольш моцныя дзяўчаты і жанчыны працягваюць далучацца да акцыі, якую распачала ўкраінская журналістка Настасся Мельнічэнка ў фэйсбуку, апісаўшы перажыты фізічны і сэксуальны гвалт.

Такія рэчы не забываюцца, таму ў расповедах усе дэталі рэзка акрэсленыя, бы гэта адбылося ўчора. Страх, агіда, крыўда, жах і боль, якія ў тыя хвіліны паралізавалі, цяпер вырываюцца вонкі.

І відавочным становіцца, што стаць ахвярай сэксуальнага гвалту можна ў любым узросце і ў любым месцы: у транспарце, на працы, на вуліцы, дома. А гвалтаўніком могуць быць нават сваякі.

Шмат жанчын падтрымалі акцыю, проста напісаўшы «Баюся». Ім ёсць што сказаць, але вымавіць занадта цяжка. Мы прыводзім толькі некаторыя гісторыі. Не называем імёны, па хэштэгам ‪#‎яНеБоюсьСказать ‪#‎яНеБоюсьСказати #‎яНеБаюсяСказаць вы самі можаце адшукаць гэтыя і яшчэ тысячы іншых расповедаў.

Фота elitefon.ru.

Фота elitefon.ru.

Наста

Гэта заўсёды пачыналася словамі: «Прыйшоў час перадыхнуць».

Калі я рабіла ўрокі, ён падыходзіў ззаду, браў мяне пад рукі і цягнуў на канапу: «Прыйшоў час перадыхнуць».

Калі я ляжала ў ложку, ён адкідваў коўдру і клаўся побач, туліўся да мяне: «Прыйшоў час перадыхнуць».

Я вучылася ў другую змену і прачыналася за 10 хвілін да таго, як маці выходзіла на працу.

Я чула, як яна закрывае дзверы звонку.

Раз.

Два.

Тры.

Падхоплівалася з ложка, апранала халат, ляцела ў ванную, умывалася, чысціла зубы. Проста глядзела, як цячэ вада, і цягнула час.

У добрыя дні я снедала, тэлефанавала сяброўцы і ішла ў госці аж да самага пачатку ўрокаў.

У дрэнныя дні прыходзіў час перадыхнуць.

Ён ўкладваў мяне на канапу. Ён здымаў з мяне штаны і майткі. Мачыў свае пальцы дзіцячым гелем. Гель быў вельмі халодны.

Я заўсёды ведала што будзе далей. Манатонныя механічныя рухі.

Пальцамі, якія старэйшыя за маю вульву на трыццаць гадоў. Рукамі, якія больш злачынныя за мае ў бясконцую колькасць разоў. Целам, якое ўсё яшчэ жывое.

На жаль.

Ганна

Гэты флэшмоб вельмі круты менавіта тым, што пачынаеш разумець: ад таго, што здарылася, табе не мусіць быць сорамна. Расказваць такія гісторыі — не табу, а нармальная рэч. Калі б усе гэта ведалі, магчыма, гвалту было б нашмат менш. Пакуль праблема нябачная, яе нібыта і няма. Пакуль праблема гвалту нябачная, фемінізм здаецца многім чымсьці бязглуздым і непатрэбным.

Калі мне было гадоў 12, нейкі мужчына схапіў мяне на вуліцы, проста каля майго пад’езда, і кудысьці панёс. Мне было вельмі страшна, і гэты страх мяне паралізаваў, а вакол ніхто не рэагаваў. Праз некаторы час ён паставіў мяне на зямлю, і я пабегла ад яго прэч.

Калі мне было 18, вечарам на прыпынку нейкі мужчына паспрабаваў сілай зацягнуць мяне ў машыну. На прыпынку было шмат людзей, ніхто на гэта не звярнуў увагі. Помню, што адбівацца давялося досыць сур'ёзна.

Пару гадоў таму да мяне на бульвары Талбухіна падышоў падлетак і спытаў, колькі часу. Я адказала, пасля чаго ён папрасіў у мяне грошай. Я адмовілася даваць яму грошы, і тады ён схапіў мяне ніжэй за талію. Я вырвалася, крыкнула: «Прыбяры лапы!». Вакол, на жаль, нікога не было, але быў дзень. Я вельмі шкадую, што не змагла ўдарыць яго так, каб яму было балюча. Бо гэта яму, а не мне, мусіла быць пасля той сітуацыі кепска.

Гэта не самыя трэшовыя гісторыі з майго жыцця, на больш трэшовыя духу ў мяне не хопіць. Мне вельмі страшна ўсё гэта пісаць, але я хачу падтрымаць тых, хто ўжо расказаў свае гісторыі. А таксама паказаць, што такія рэчы здараюцца на кожным кроку. Быць жанчынай — часам сапраўды цяжкае і непрыемнае выпрабаванне.

Фота today.kz.

Фота today.kz.

Паліна

Сказаць я не баюся, а вось як супрацьстаяць, не ведаю. Я ўжо не буду ўзгадваць тыя выпадкі, калі была падлеткам і нязменна атрымлівала шляпкі па дупе або па грудзях ад юнакоў-мінакоў, ідучы па раёне ці нават ля парку Чалюскінцаў.

Скажу пра нядаўні выпадак, калі я здавала на правы.

Мой інструктар зламаў нагу, і я не магла ўзяць дадатковыя заняткі ў яго. Таму я звярнулася да іншага платнага інструктара, каб пакатацца і здаць на яго машыне.

Калі я завяла машыну і паехала, ён пачаў лезці мне ў дэкальтэ і ледзь не расшпіліў шырынку джынсаў.

Я супраціўлялася, прыбірала яго рукі і рэзка не прымала такія паводзіны. Але мне не ставала духу спыніць машыну проста пасярод паласы і выбегчы з яе.

Я потым хацела пакінуць водгук на сайце пра гэтага інструктара, але там жорсткая прэмадэрацыя…

Вольга

У дзень нараджэння, калі мне спаўнялася 15 гадоў, я купіла сабе вельмі прыгожую ляльку (бацькі далі грошы на падарунак). Шчаслівая, я вярталася дадому. Зайшла ў пад'езд і выклікала ліфт.

Побач з паштовымі скрынямі тусаваўся нейкі хлопец у вялікай лісінай аблавушцы, нацягнутай амаль на ўвесь твар. Я зайшла ў ліфт і націснула кнопку. У апошнюю секунду ён паспеў ускочыць. Як я цяпер разумею, мне моцна пашанцавала: я павярнулася на шум і спінай закрыла панэль з кнопкамі.

Далей пачаўся жах. Хлопец зняў штаны і стаў шаптаць: «Памацай яго». Я стаяла як скамянелая, а ў галаве круцілася адна думка: не даць яму націснуць на кнопку «стоп», бо тады мне канец. Мы ехалі цэлую вечнасць, ён з нейкай перакошанай усмешкай стаў рухацца на мяне, але перашкаджалі спушчаныя штаны.

Тут дзверы ліфта раскрыліся, і я рванула. Ён схапіў мяне, я пачала віскатаць, вырвалася і пабегла да дзвярэй нашай кватэры, стала біць у яе. Больш за ўсё я баялася, што ён мяне зацягне назад. Але ён ускочыў у ліфт і з'ехаў.

Маці адкрыла дзверы, я там жа павалілася і дзіка раўла. Яна спачатку не зразумела, што адбылося. Потым, калі я змагла гаварыць, яна выскачыла на балкон, але, вядома, там ужо нікога не было.

Пазней нейкі хлопец схапіў суседскую дзяўчынку ў парку і таксама зняў перад ёй штаны. На крыкі прыбеглі мае суседзі і збілі яго. Думаю, гэты хлопец быў той самы, з ліфта. Бо суседзі хваліліся, што яго лісіная шапка ўся была ў крыві.

Менш, чым праз сем гадоў, мне давялося выкладаць у класе, дзе здарылася жудасная гісторыя. 15-гадовая дзяўчынка зайшла ў пад'езд, па дамафоне ёй адкрыла маці. У ліфт ускочыў нейкі хлопец, які таксама тусаваўся каля паштовых скрынь. Праз 15—20 хвілін маці знайшла дачку забітай, са знятымі майткамі і станікам, на ліфтавай пляцоўцы, на 9-м паверсе.

Забойцу і маньяка (можа, я памыляюся) да гэтага часу не знайшлі.

П.С. Для мяне гэтая гісторыя скончылася адносна добра, хоць наступствы ўсё ж такі ёсць:

  1. Цяпер я ведаю, што ліфт да маёй пляцоўкі едзе роўна 21 секунду. Я яшчэ некалькі гадоў пасля лічыла час, пакуль едзе ліфт.
  2. Пасля гэтай падзеі я больш не змагла гуляць у лялькі.
  3. Калі заходжу ў пад'езд і бачу незнаёмага мужчыну, я выходжу. Не кажу ўжо пра тое, каб ехаць з ім у ліфце.
  4. Мы ніколі з маці не абмяркоўвалі той выпадак. Ды і ні з кім не абмяркоўвалі.
  5. Я выдатна разумею, што мне пашанцавала, і вельмі моцна пашанцавала. Але так шанцуе не ўсім дзяўчынкам, дзяўчатам, жанчынам. У некаторых іх жыццё заканчваецца трагічна і недарэчна на ліфтавай пляцоўцы 9-га паверху.

Каця

Мне гадоў 5. Мы з нейкім сваяком ляжым на канапе (памяць сцерла, хто менавіта гэта быў). Я ляжу зверху, маю руку кладуць на нейкую частку цела і прымушаюць гладзіць. Што адбываецца, я не разумею, але «пра гэта нікому нельга расказваць». Таму я адчуваю, што са мной робяць нешта дрэннае і забароненае.

Мне недзе 10—11. Я жыву на ўскрайку горада, насупраць дома каласіцца жыта, за ім — невялікі гай, у які мы з сяброўкай ідзём на пікнік. Там да нас падсаджваецца дарослы мужчына, нешта расказвае, а потым рэзка набліжаецца да сяброўкі і засоўвае руку ёй у майткі. Я панікую, хапаю бутэльку з вадой і б'ю па галаве гэтага мужчыну. Потым хапаю сяброўку, і мы ўцякаем.

Мне 17—18. Я каля месяца сустракаюся з хлопцам, але далей пацалункаў-абдыманкаў не заходзіць. Я на той момант цнатлівая, баюся. Дрэннае надвор'е, хлопец запрашае да сябе. У яго дома сястра, гэта мяне супакойвае. Дома ён пачынае мяне дамагацца, я адмаўляюся. Тады ён мяняе тактыку, пачынае граць на маім пачуцці віны: ты мяне не шкадуеш, я пакутую, я ж твой хлопец, я ўжо месяц за табой бегаю, на спатканні цябе ваджу, зрабі хаця б мінет, раз так не хочаш. І вось так доўга, упарта, манатонна, рознымі словамі, але адно і тое ж, з распусканнем рук. Агідна да жудасці, але не вытрымліваю і пагаджаюся. На дзіва, агіда ў выніку перамагае, і я ўцякаю.

Студэнцкія гады. Я гуляю па парку Горкага, падыходзіць мілы дзядок, пытаецца час, заводзіць інтэлектуальную размову, распавядае, які ён цудоўны мастак. На выхадзе з парка запрашае ў сваю майстэрню, хапае за рукі, прыціскаецца і прапаноўвае петынг. Быццам бы дробязь, але пасля некалькі дзён мяне выварочвала.

Пару гадоў назад на працы падыходжу да свайго непасрэднага начальніка. Ён сядзіць за камп'ютарам і нешта на ім мне паказвае. Каб пабачыць, я падыходжу даволі блізка. Раптам ён засоўвае сваю руку мне пад спадніцу ў майткі. Я адскокваю, гражуся, што паскарджуся кіраўніцтву, ён абяцае так больш не рабіць. Але праз некалькі месяцаў хапае мяне за грудзі. Я пішу заяву на звальненне, нікому не расказваю, бо агідна і сорамна. Суцяшаю сябе тым, што ўсё роўна збіралася звальняцца. Нядаўна мая сяброўка на працы падпісала калектыўную заяву і разам са сваімі калегамі дамаглася звальнення загадчыка за сэксуальныя дамаганні. Я ёй ганарылася і моўчкі зайздросціла, што сама так не змагла.

Лапальнікі ў грамадскім транспарце таксама мне трапляліся некалькі разоў. Думала, што пазбаўлюся ад іх з пераходам на ровар. На жаль, не. Стаю на скрыжаванні на ціхай вулачцы Тухачэўскага, падыходзіць нейкі тып, хапае за грудзі, лыбіцца і сыходзіць. Еду ўвечары дадому ўздоўж парка 50-годдзя Кастрычніка, на газоне ляжыць непрытомны мужчына. Спыняюся, каб дапамагчы яму, ён п'яны, ачухваецца і вырашае скарыстацца сітуацыяй. На ровары ўцякаю ад яго.

І яшчэ адзін мой боль. Я вулічная артыстка, працую жывой статуяй. Часта — на пешаходцы, у парках, на розных гарадскіх мерапрыемствах і святах. На жаль, тут працэнт лапальнікаў зашкальвае. Большасць — асцярожныя такія, нібыта незаўважна, пакуль фоткаюцца са мной, могуць трохі абмацаць. Але было некалькі выпадкаў, калі ў адкрытую хапалі за грудзі. А я ж, блін, статуя, што я зраблю? Статуя — самы безабаронны вобраз, яму больш за ўсіх дастаецца, але падобныя выпадкі здараюцца і з іншымі персанажамі. 

І адзін пад'ездны выпадак хай застанецца без падрабязнасцяў. Было страшна, але абышлося. Толькі я б забараніла будаваць дамы, дзе ў пад'ездах лесвіцы збоку, у закрытай прасторы, нібыта ў шахтах, асобна ад кватэр і ліфтаў.

Святлана

Я ехала ў цягніку з Львова ў Будапешт, мне было гадоў 18—19. У вагоне амаль не было людзей, венгерскі памежнік увайшоў у наша купэ, дзе, акрамя мяне, ехала яшчэ жанчына. Праверыў яе дакументы, потым мае. Акрамя пашпарта папрасіў яшчэ дакументы, якія пацвярджаюць, што маё знаходжанне ў Венгрыі аплачанае, гатэль забраніраваны. У мяне было запрашэнне Еўрапейскага моладзевага цэнтра, я ехала на трэнінг.

Ён сказаў, што дакументы не ў парадку і я павінна прайсці з ім. Я пайшла.

У суседнім пустым вагоне ён завёў мяне ў пустое купэ. Я стаяла спінай да вакна, ён зачыніў дзверы і сказаў, што хоча сэкс са мной. Ён быў настойлівы, я адбівалася як магла, плакала, крычала. Не ведаю, колькі гэта доўжылася, здаецца, цягнік стаяў не доўга, але для мяне гэта была вечнасць. Мой пашпарт быў у яго, і ён сказаў, што я павінна выходзіць з цягніка для дадатковай праверкі дакументаў. Я падумала: толькі не гэта. Працягвала з ім размаўляць і ўгаворвала не чапаць мяне. А ён чапаў. Сэксу не было.

Я пайшла ў купэ, плакала і збірала рэчы. Ён вярнуўся, сказаў, каб я ішла з ім, пакуль без рэчаў. Вывеў мяне ў тамбур, правёў рукой па грудзях, сказаў, што я вельмі прыгожая, і аддаў пашпарт.

Кацярына

…Мне, напэўна, вельмі пашанцавала. За ўсё жыццё я перажыла толькі пару-тройку выпадкаў, якія звязваюць мяне з флэшмобам ‪#‎яНеБоюсьСказать ‪#‎яНеБаюсяСказаць.

Але ведаеце, што самае цікавае: я заўсёды ўспрымала іх як нешта не тое каб нармальнае, але абсалютна тыповае, і таму не вартае ўвагі. І грамадства ўспрымала гэта такім жа чынам.

Раскажу вам дзве гісторыі. Адну з іх ведаюць многія людзі, з якімі мне давялося разам вучыцца ва ўніверсітэце.

Быў у нас выкладчык. Гісторыю Беларусі, між іншым, выкладаў, і выкладаў няблага. Але была ў яго адна хіба: ён вельмі любіў маладых дзяўчат.

Каб здаць экзамен, кожная студэнтка павінна была апранаць міні. Без кароткай спадніцы на добрую адзнаку спадзявацца было нельга. Я нават памятаю, як мая маці дапамагала мне напярэдадні экзамену выбраць найбольш сэксапільны строй! І ўсе гэта лічылі нармальным. Але на гэтым справа не скончылася.

Усе цудоўна ведалі, што чакае дзяўчыну, на якую заглядаецца спадар В. Некалькі разоў ён праводзіў прафілактычныя размовы і са мной: выводзіў на калідор і казаў нешта кшталту:

«Ты ж такая добрая дзяўчынка, чаму ты мяне не хочаш радаваць? Чаму б нам не схадзіць куды-небудзь?»

Але са мной нічога не атрымалася. Я была выдатніцай, і прычапіцца да чагосьці, каб хаця б затрымаць пасля заняткаў, было немагчыма. А вось з маёй сяброўкай справы ішлі значна больш аптымістычна: яна ленавалася, вучыцца не надта любіла, за што і паплацілася.

Пасля экзаменаў ці залікаў (а гэты выкладчык вёў у нас некалькі курсаў на працягу ўсіх гадоў навучання) яна павінна была расплачвацца за нядбайнасць. Аднойчы я ды мае сябры прачакалі тую няшчасную дзяўчыну чатыры (!) гадзіны пад дзвярыма кабінета!

Выкладчык проста пакінуў яе пасля ўсіх, зачыніў кабінет, цалаваў каленкі, падымаў спадніцу, казаў прыгожыя словы.

Як яна адтуль выратавалася — цяжка сказаць. І самае цікавае, пра гэта ведалі усе! І выкладчыкі, і студэнты. І гэта ўспрымалася амаль як норма. Усе ведалі, які выкладчык з якой студэнткай спіць, хто з кім хадзіў на мінулым тыдні ў лазню. І нікога гэта не хвалявала! Студэнткі «зараблялі» на добрыя адзнакі ці на бясплатную магістратуру, а выкладчыкі хваліліся сваімі перамогамі.

Цудоўны педуніверсітэт. Цікава, ці змянілася штосьці з тых часоў.

А другая гісторыя больш трагічная.

Было мне гадоў 11, я вярталася з вуліцы, дзе гуляла з сяброўкай у бадмінтон. І зайшоў са мной у пад'езд дзед гадоў 60, да таго ж, кульгавы. Зразумела, у ліфт я з ім не пайшла, пабегла па лесвіцы на свой чацверты паверх. Націснула кнопку званка, але мая маці якраз у той час была ў ванне і не магла хутка адчыніць дзверы.

Пакуль я званіла, ліфт прыехаў на чацверты паверх. Напэўна, па кроках мужчына вылічыў, куды трэба ехаць. З ліфта выйшаў гэты кульгавы… з нажом. І з усмешкай пайшоў на мяне.

Я кінулася па лесвіцы ўніз, па дарозе падвярнула нагу, парвала звязкі, не памятаю, як выбегла на вуліцу, стала плакаць ды крычаць. Сусед з 8-га паверха якраз ішоў дадому, ён і данёс мяне да кватэры.

Цікава, што ніхто нават не падумаў абшукаць пад'езд, бо той мужык адтуль не выходзіў. Ноччу мяне павезлі ў траўмапункт, наклалі лангетку. На наступны дзень мы пайшлі ў міліцыю, напісалі заяву. А далей ніхто больш не цікавіўся гэтым выпадкам. Нават у школу не паведамілі.

Для чаго я гэта ўсё напісала? Шалёна баюся за сваіх дзяцей. Не хачу, каб у маёй дачкі былі такія эпізоды ў жыцці. І не хачу, каб яны ўспрымаліся як нешта нармальнае, руціннае ды не вартае ўвагі. Бо гэта страшна насамрэч, спадарства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?