Пару дзён таму мой зямляк, Кастусь Шыталь, справакаваў дыскусію на тэму рэлігійнага навучаньня ў школах. Ён піша:

«Калі дыскусія нейкім бокам кранаецца хрысціянскага выхавання дзяцей, то амаль абавязкова ўсплыве каментар: «Не навязвайце дзецям рэлігію! Няхай само робіць выбар».

Хм, цікава. Няўжо аўтары такіх каментароў лічаць, што дзіця мае магчымасць выбіраць светапогляд? Дзіця яшчэ дзіця. Калі б у дзіцяці спыталі - есці на сняданак кашу або цукеркі - адказ быў бы відавочны. Як і карысць такога «выбару» для малога.

На старэйшых, найперш на бацьках, ляжыць абавязак перадаць дзецям і падлеткам пэўныя каштоўнасці. Маральна-этычныя. Нацыянальныя і культурныя. Рэлігійныя, светапоглядныя».

На маю думку на бацьках ляжыць абавязак найперш не нашкодзіць свайму дзіцяці. Важна дзіцю перадаць прагу да ведаў, цікаўнасьць да навакольнага сьвету і ўменьне крытычна думаць, базаваць свае дзеяньні на тым, што даказуема. У гэтым таксама задача школы. А ніяк не распаўсюд мітаў і страшылак, якія могуць толькі траўмаваць псыхіку лёгкавернага дзіцёнка.

Рэлігійная індактрынацыя ў маленстве – гэта форма гвалту супраць дзіця. Ні больш, ні менш. Любы гвалт ня рэдка мае адваротны эфэкт. Той самы Мэрылін Мэнсан, як і многія сатаністы-мэталісты, наведвалі рэлігійныя (часьцей за ўсё каталіцкія) школы.

Рэлігійная адукацыя ў чыстым выглядзе практыкуецца ў некаторых ісламскіх краінах. Бедныя дзеці. Усё іхняе разуменьне сьвету вакол сябе базуецца на тэкстах Карану. Усё жыцьцё яны жывуць у галечы, для іх гэта жыцьцё – гэта бясконцая пакута, якую трэба ператрываць перад тым, як патрапіць у валадарства божае. І таму яны павінны пакутваць. Таму яны павінны бясконца кленчыць, біцца галавой аб падлогу, насіць адмысловую вопратку, якую на іх хоча бачыць іх нябесны дыктатар. Свае праблемы яны бачаць у тых, хто жыве не паводле літары сьвятых пісаньняў, у лібералах, геях, людзях іншай веры ці атэістах. Мы хочам зьляпіць нешта такое са сваіх дзецей?

Што варта выкладаць дзецям, гэта тое, што існуюць рэлігіі (каля 4200). Яны вучаць таму і таму і што людзі ў гэта вераць. Але казаць дзіцёнку: ты – каталік (ці ты – праваслаўны) і таму ты павінен верыць у тое і тое – гэта, паўтаруся, гвалт супраць дзяцей. І абавязак бацькоў – не рабіць гэтага гвалту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0