Сёньня паехалі з Галінай і яе бацькамі ў Васількаў каля Беластоку, у госьці да Галінінай цёткі Ніны. Кожны год, у 10-тую нядзелю пасьля Вялікадня, у васількаўскай царкве Сьв. Апосталаў Пятра і Паўла спраўляюць урачыстае богаслужэньне ў гонар Іконы Божай Маці Васількаўскай. Цётка Ніна, якую я распытваў пра тое, што насамрэч сьвяткуецца ў Васількаве ў 10-тую нядзелю пасьля Вялікадня, сказала мне пра цудадзейную крыніцу ў Васількаве пад назвай Сьвятая Вада з цудадзейнай іконай, якія Пілсудзкі ў 1921 годзе адабраў ад праваслаўных і перадаў рымскім католікам… Нібыта некалі ў гэтай крыніцы прамыў свае сьляпыя вочы чалавек, які называўся Васіль, і пачаў бачыць… А месца на памятку гэтага здарэньня назвалі Васількавам… Безумоўна, народная легенда. Назва места, найбольш імаверна, паходзіць ад таго, што ў ХІІІ стагодзьдзі ў гэтым месцы пабудаваў крэпасьць Васілька Раманавіч, адзін з князёў Галіцка-Валынскай Русі.

Але Пілсудзкі, паглядзіце, які ж гад усё-ткі… Яго ж ахрысьцілі ў праваслаўнай царкве. А ён колькі шкоды нарабіў праваслаўным, казала мне цётка Ніна. А я ёй адказваў, што ніяк нельга верыць беларусам, якіх спакусілі карткай паляка…

Перамыўшы костачкі крывадушным католікам і псэўдапалякам, пагаварылі мы крыху і пра спэктакль «Бежанцы», які расказвае гісторыю дзядоў цёткі Ніны і майго цесьця (то бок прадзедаў маёй Галіны). У арыгінальнай вэрсіі спэктаклю галоўная гераіня Анастасія, вярнуўшыся з мужам з Расеі ў Плёскі на нашай Бельшчыне, пайшла з паломніцтвам у польскую Чэнстахову, каб памаліцца перад тамтэйшай цудадзейнай іконай Божай Маці (яшчэ адна ікона, якую нам забралі палякі!). Нашы людзі на Падляшшы, калі пачулі са сцэны, што праваслаўная пайшла памаліцца ў каталіцкі кляштар, сказалі, што такога ня можа быць у прыродзе, і запатрабавалі, каб Joanna Troc (рэжысэрка) прыбрала згадку пра Чэнстахову са спэктаклю! Ну і Яанна замяніла Ікону Божай Маці Чэнстахоўскай Іконай Божай Маці Жыровіцкай, каб не бударажыць эстэтычнага ладу нашай беларушчыны.

Цётка Ніна сказала мне, што яе бабка Анастасія хадзіла ў Чэнстахову дзякаваць Божай Маці некалькі разоў, ажно пакуль ёй палякі там не сказалі, што ня хочуць бачыць у сваім кляштары людзей іншай веры. Тады яна стала хадзіць у Пачаеў. Жыровіцы, хоць былі бліжэй да Бельска, ня мелі такой сілы прыцягненьня для падляскіх праваслаўных у міжваеннай Польшчы, як Пачаеў…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?