Створаная ў Беларусі сістэма дзяржаўных органаў па забеспячэнні бяспекі працуе даволі эфектыўна, кардынальна ламаць і рэфармаваць яе няма сэнсу, але стаіць пытанне аптымізацыі, распавёў дзяржсакратар Рады бяспекі Беларусі Станіслаў Зась у інтэрв'ю «Галоўнаму эфіру» на тэлеканале «Беларусь-1».
Аптымальная колькасць сілавога блока, якая агучвалася на нядаўняй сустрэчы Зася з прэзідэнтам краіны, — 65 тысяч чалавек.
Гаворка ідзе, у першую чаргу, аб Міністэрстве абароны. «Гэтая лічба не са столі ўзятая. Гэта разлікі Генеральнага штаба, якія былі зацверджаны кіраўніком дзяржавы. Праца па выхадзе на такую колькасць ідзе не першы год», — адзначыў ён. Такую колькасць Зась назваў аптымальнай і з пункту гледжання выканання сваіх функцый, і з пункту гледжання магчымасцяў краіны. «Нам крыху засталося на гэтым шляху прайсці. У найбліжэйшы год трэба будзе скараціць 1300 пасад ва ўзброеных сілах. Пры гэтым стаіць задача правесці скарачэнне не за кошт баявых пасад, а за кошт так званага абозу», — падкрэсліў кіраўнік Рады бяспекі.
Распавядаючы пра тое, якія службы плануецца скараціць, ён, да прыкладу, адзначыў, што ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях менш будзе кантралюючых і наглядных функцый за будоўлямі, дамамі і г.д. «За кошт гэтага ні многа ні мала 500 пасад мы скарачаем у гэтым годзе», — паведаміў Зась.
Ёсць задача па аптымізацыі і ў МУС, але гэтаму міністэрству, нагадаў кіраўнік Рады бяспекі, трэба будзе вырашыць новую маштабную задачу — сфармаваць падраздзяленне па ахове АЭС. Зрабіць гэта плануецца без павелічэння агульнай колькасці супрацоўнікаў.