Дзяніс Тарманаў. Фота: «Радыё Свабода»

Дзяніс Тарманаў. Фота: «Радыё Свабода»

Усё адбылося яшчэ 29 чэрвеня каля адзінаццаці гадзін вечара. Вечарам Дзяніс з сябрамі гуляў у інтэлектуальны квэст «Мазгабойня». Пасля вырашыў зайсці па булачку ў гіпермаркет «Карона». Перасоўваўся па краме не пешшу, а на самакаце.

— І раней былі выпадкі, калі я перасоўваўся ў грамадскіх месцах на самакаце. Вядома, толькі там, дзе была магчымасць. У астатніх выпадках браў яго ў рукі. Я адэкватны чалавек, разумею, што раблю, — тлумачыў у судзе Дзяніс. — У гіпермаркеце шырокія праходы, досыць вялікая адлегласць. Плюс позна вечарам людзей у зале было мала.

Паводзіны хлопца не прыцягнулі ўвагу аховы «Кароны», калі ён першы раз заехаў па пакупкі. Але на вуліцы Дзяніс зразумеў, што згубіў пальчаткі. Вырашыў вярнуцца ў краму і пашукаць іх там. Але на гэты раз супрацоўнік службы бяспекі спыніў маладога чалавека на ўваходзе і сказаў, што да іх можна толькі пешшу.

— Супрацоўнік аховы мяне спыніў і сказаў, што катацца нельга. Я папрасіў патлумачыць мне, чаму, паказаць нейкія дакументы, — распавёў хлопец.

— Слова «нельга» для вас не аргумент? — удакладніла суддзя.

— Калі яно нічым не падмацаванае, то чаму я павінен падпарадкоўвацца? Калі б ахоўнік сказаў, што ў іх такія правілы і з імі можна дзесьці азнаёміцца, то пытанняў бы не было. А што такое: «Проста нельга»?! — адказаў Дзяніс.

Аказалася, што дакумент, які сапраўды забараняе заязджаць у «Карону» на самакатах, скейтах, роліках і іншых сродках перамяшчэння за выключэннем дзіцячых і інвалідных вазкоў, існуе. Правіла прапісана ў «Інструкцыі аб прапускным і ўнутрыаб'ектавым рэжыме». Супрацоўнікі гандлёвага цэнтра, якіх выклікалі на працэс у якасці сведак, запэўнілі, што дакумент знаходзіцца ў адкрытым доступе ў інфацэнтры і выдаецца наведвальнікам па першым патрабаванні.

— Калі мяне на ўваходзе ў краму спыніў ахоўнік, я ў яго адразу ж спытаў, ці ёсць нейкі дакумент. Але ён не стаў нічога тлумачыць, — сказаў Дзяніс.

Не атрымаўшы тлумачэнняў, чаму перасоўвацца па гандлёвай зале на самакаце нельга, хлопец паехаў па аддзелах шукаць свае пальчаткі.

— Я не рабіў гэта, каб раззлаваць ахоўніка. Проста не разумеў, чаму нельга, — неаднаразова паўтараў на судзе Дзяніс.

У малочным аддзеле яго спыніў іншы ахоўнік і сказаў пачакаць міліцыю. На Дзяніса выклікалі нарад за парушэнне ўнутраных правілаў гандлёвага цэнтра. Як сцвярджалі супрацоўнікі службы бяспекі, на хлопца скардзіліся пакупнікі.

Міліцыянер прыбыў на месца ўжо праз некалькі хвілін. Для разбору хлопца правялі ў пакой аховы.

— Там мне ўжо пра самакат ніхто нічога не гаварыў. Мне сказалі, што на мяне паступілі скаргі ад супрацоўнікаў аховы і наведнікаў крамы, нібыта я нецэнзурна лаяўся і паводзіў сябе агрэсіўна. Але я нічога гэтага не рабіў, — распавёў Дзяніс.

Па словах маладога чалавека, супрацоўнік міліцыі прапаноўваў яму падпісаць пратакол з абвінавачваннямі. За гэта яго абяцалі адразу ж адпусціць, а ў якасці пакарання спагнаць дзве базавыя велічыні — 420 тысяч недамінаваных рублёў. Прынцыповы хлопец адмовіўся і са складзеным на яго пратаколам пагадзіўся толькі часткова.

Фота са старонкі Дзяніса Тарманава ў Facebook.

Фота са старонкі Дзяніса Тарманава ў Facebook.

Тады адміністрацыя гандлёвага цэнтра напісала на Дзяніса заяву ў РУУС і папрасіла прыцягнуць хлопца да адміністрацыйнай адказнасці. Маўляў, катаўся па гандлёвай зале, лаяўся на ахоўнікаў і на супрацоўніка міліцыі, які прыбыў на месца, на заўвагі не рэагаваў.

Праўда, сведак, якія б гэта пацвердзілі, на працэсе не было, а ахова цэнтру пра нецэнзурную лексіку на працэсе ўжо не ўзгадвала.

Дзяніса затрымалі і адвезлі ў пастарунак. У камеры хлопец прабыў усю ноч.

— Мяне суткі пратрымалі, таму што быццам бы неадэкватна сябе паводзіў і буяніў. Але на відэа з камер назірання, якія паказвалі ў судзе, добра відаць, што нічога падобнага не было. Я вёў сябе спакойна, — распавёў Дзяніс. — Мне незразумелая правамернасць затрымання.

Выслухаўшы ўсё гэта, суддзя Марыя Ярохіна вырашыла, што Дзяніс Тарманаў усё ж такі вінаваты. Яго дзеянні ў гандлёвым цэнтры яна палічыла дробным хуліганствам і пакарала хлопца штрафам у 630 недамінаваных рублёў (3 базавыя велічыні).

Артыкул 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях:

Дробнае хуліганства

Нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы, абразлівае прыставанне да грамадзянаў і іншыя наўмысныя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак, дзейнасць арганізацый або спакой грамадзян і выяўляюцца ў відавочнай непавазе да грамадства, цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад двух да трыццаці базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.

Дзяніс збіраецца абскардзіць гэтае рашэнне.

— Калі б мне проста сказалі, што я не маю рацыі, таму што катаўся на самакаце і парушаў унутраны распарадак крамы, і далі за гэта штраф, то я не стаў бы пярэчыць. А мне прыпісваюць тое, чаго я не рабіў, — тлумачыць сваю пазіцыю Дзяніс.

Хлопцу — 21 год. Налета ён збіраецца скончыць Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці. Цяпер разам з удзельнікамі некалі легендарнай каманды КВЗ БДУ піша сцэнары для гумарыстычных расійскіх і ўкраінскіх серыялаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?