Фота studrada.org.

Фота studrada.org.

Беларускія ВНУ апублікавалі кошт навучання ў 2016/2017 навучальным годзе. Шмат дзе яны вышэй, чым летась. 

Самая нізкая цана за навучанне на першым курсе дзённага аддзялення Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ўстаноўлена для спецыяльнасці «тэалогія» Інстытута тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла — 900 рублёў (ці 9 млн у коштах да дэнамінацыі).

Найбольш дарагія спецыяльнасці ў БДУ — «правазнаўства», «эканамічнае права» юрыдычнага факультэта і «міжнароднае права» факультэта міжнародных адносін, дзе за першы год навучання трэба заплаціць 2.616 рублёў (26 млн 160 тыс. рублёў). Вывучэнне бізнэс-адміністравання на англійскай мове ў Інстытуце бізнэсу і менеджменту тэхналогій БДУ будзе каштаваць 4.140 рублёў (41 млн 400 тыс).

Летась мінімальны кошт навучання ў ВНУ быў 7,5 млн рублёў, максімальны — 24 млн 680 тыс. рублёў.

Навучанне на завочным у разы танней — ад 868,56 рублёў (8 млн 685.6 тыс.) да 1.454 (14 млн 540 тыс.).

За навучанне на дзённым аддзяленні ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце першакурснікі заплацяць ад 2.208,24 да 2.543,52 рублёў у год (да дэнамінацыі — ад 22 млн 82,4 тыс. да 25 млн 435,2 тыс. рублёў). У мінулым годзе навучанне на першым курсе ў ВНУ каштавала ад 18,4 млн да 20,3 млн рублёў.

Навучанне на завочным у БНТУ каштуе ад 866,58 (8 млн 665,8 тыс.) да 910,03 рублёў (9 млн 100,3 тыс.).

У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі навучанне на дзённым каштуе для першакурснікаў ад 2.050 да 2.500 рублёў (20,5 — 25 млн). У мінулым годзе было 19,2 — 23,5 млн.

Завочная форма навучання ў БДУІР будзе каштаваць 890 рублёў (за 8,9 млн) для ўсіх спецыяльнасцяў.

У Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце кошт навучання не мяняецца другі год запар — ад 1.800 да 2.298 рублёў (ад 18 млн да 22 млн 980 тыс. рублёў). Гэтая цана дзейнічала на 2014/2015 і на 2015/2016 навучальныя гады. Навучанне на завочным на спецыяльнасці «фармацыя» — 786 рублёў (7 млн 860 тыс.).

У Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце за навучанне на дзённым аддзяленні першакурснікам прыйдзецца заплаціць 2.018 рублёў у год (20 млн 180 тыс.). У мінулым годзе — 18 млн 460 тыс. рублёў.

Завочнае навучанне абыдзецца ў 776 рублёў (7 млн 760 тыс.) за першы год.

У Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Беларусі навучанне на дзённым аддзяленні будзе каштаваць 2.110 рублёў (21 млн 100 тыс.). У мінулым годзе першакурснікі плацілі 18,4 млн рублёў. «Завочка» — 900 рублёў (9 млн).

Шэраг прыватных ВНУ таксама падвысілі кошты на навучанне. У Прыватным інстытуце кіравання і прадпрымальніцтва яно цяпер каштуе 1.750 рублёў (17,5 млн) для першакурснікаў усіх спецыяльнасцяў, у 2015/2016 навучальным годзе — 14,5 мільёнаў рублёў. Завочнае навучанне абыйдзецца ў 897 рублёў (8 млн 970 тыс.).

Кошт навучання ў Мінскім інавацыйным універсітэце (былы Мінскі інстытут кіравання) на сайце ВНУ указаны ў замежнай валюце — 1.280 долараў (2.575 рублёў па курсе Нацбанка, або 25 млн 750 тыс. да дэнамінацыі). Сума разбіта на чатыры роўныя часткі — па 320 долараў (643 рублі, або 6,4 млн у недамінаваных грошах). У мінулым годзе першая частка аплаты складала ад 4,6 млн да 4,9 млн руб.

Студэнты завочнай формы МІУ заплацяць 600 даляраў у эквіваленце — 1.207 рублёў (12 млн 70 тыс. да дэнамінацыі).

Самыя дарагія спецыяльнасці ў папулярных беларускіх ВНУ

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт
Інстытут бізнэсу і менеджменту тэхналогій: лагістыка, бізнэс-адміністраванне, кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі 2.536 рублёў (25 млн 360 тыс)
Усе спецыяльнасці эканамічнага ўніверсітэту 2.537 рублёў (25 млн 370 тыс)
Факультэт міжнародных адносін: сусветная эканоміка, менеджмент (напрамак — менеджмент у сферы міжнароднага турызму), мытная справа
Факультэт міжнародных адносін: лінгвакраіназнаўства, міжнародныя адносіны 2.582 рублёў (25 млн 820 тыс)
Філалагічны факультэт: усходняя філалогія
Факультэт сацыяльных камунікацый: дызайн (напрамак — камунікатыўны дызайн)
Факультэт міжнародных адносін: міжнароднае права 2.616 рублёў (26 млн 160 тыс)
Юрыдычны факультэт: правазнаўства, эканамічнае права
Інстытут бізнэсу і менеджменту тэхналогій: бізнэс-адміністраванне (на англійскай мове) 4.140 рублёў (41 млн 400 тыс)
Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт
Архітэктурны факультэт: архітэктура, архітэктурны дызайн 2.543 рублёў (25 млн 435 тыс)
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі
Усе спецыяльнасці факультэта камп'ютарных сістэм і сетак 2.500 (25 млн)
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?