Як сьцьвярджаюць гісторыкі, у часе знакамітай пераправы церазь Бярэзіну і падчас баёў у Барысаве ў 1812 годзе агульныя страты напалеонаўскага войска складалі дзясяткі тысяч чалавек. Паводле розных крыніц, лічба загінулых вагаецца ад трыццаці да пяцідзесяці тысяч. Нямала ў тых баях палегла й салдат расейскага войска. Аднак за мінулыя два стагодзьдзі не была знойдзена ніводнай магілы, якая б адносілася да таго пэрыяду.

Толькі адносна нядаўны былі выпадкова знойдзеныя парэшткі аднаго расейскага салдата ў раёне Брылеўскага поля, якія й былі ўрачыста перапахаваныя летась падчас сьвяткаваньня чарговага юбілею бітвы на Бярэзіне.

І вось упершыню на паўночнай ускраіне Барысава, на тэрыторыі санаторыя «Бярэзіна», воінамі 52‑га асаблівага пашуковага батальёну ўзброеных сілаў Беларусі было адкрытае масавае пахаваньне, як мяркуецца, 1812 году. Пашуковыя працы вядуцца з 13 траўня й на сёньня знойдзеныя парэшткі трох дзясяткаў чалавек. Па спадарожных знаходках — гузіках ад мундураў і кулі крэмневай стрэльбы — можна зрабіць папярэднюю выснову, што гэта брацкая магіла салдатаў арміі Напалеона.

Раскопкі ініцыяваў жыхар Барысава, рабочы ААТ «Паліміз» Вячаслаў Клімковіч. Як расказаў спадар Вячаслаў карэспандэнту мясцовага радыё, у дзяцінстве ён стаў сьведкам таго, як падчас пабудовы санаторыя «Бярэзіна» экскаватар выкуліў зямлю з чалавечымі касьцямі. Будаўнікі, паводле слоў Клімковіча, абмінулі гэтае месца. Прайшло 27 гадоў, і барысаўчанін даведаўся пра існаваньне пашуковага батальёна й вырашыў зьвярнуцца туды й паведаміць пра тую страшную знаходку.

Паводле: Павел Магілін, фота Аляксандра Зянкова, borisov-e.info

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0