Малюнак носіць ілюстрацыйны характар.

Малюнак носіць ілюстрацыйны характар.

Гаворка ідзе пра вайсковую часць 97020 у Віцебску — сілы спецыяльных аперацый Міністэрства абароны. Гэта, з аднаго боку, элітная часць. Служаць тут найлепшыя з найлепшых. З іншага боку, засакрэчаная часць. Вядома, што яе байцы бралі ўдзел у антытэрарыстычных вучэннях нароўні са спецназам МУС, КДБ і пагранвойскаў.

У Міністэрстве абароны адмаўляюцца каментаваць абставіны трагедыі.

«Страты вайскоўцаў і цывільнага персаналу не было, — растлумачыў прэс-сакратар ведамства Уладзімір Макараў. — Ніякіх іншых каментароў міністэрства даваць не будзе».

Загінулая Вольга (яе прозвішча і прозвішча мужа мы не называем па этычных меркаваннях), сапраўды, не працавала ў вайсковай часці. Але там служыў яе муж. Паводле інфармацыі на 2013 год, у званні маёра. Тады пра яго пісала вайсковая газета «Во славу Родины». Але за апошнія тры гады, магчыма, званне павысілі.

Менавіта ён у дзень нараджэння жонкі арганізаваў для яе скачок, выкарыстаўшы парашут, які знаходзіўся на балансе вайсковай часці. Самалёт прадаставіў мясцовы ДТСААФ, але дамова арэнды была заключана не з фізічнай асобай, а з вайсковай часцю.

«Да адказнасці нашы супрацоўнікі не прыцягваліся. Самалёт лётае, і мы працуем, — растлумачылі карэспандэнту Naviny.by у Віцебскім аэраклубе. — Калі мы арганізоўваем скачкі, нашы інструктары ўкладваюць парашуты. Яны нясуць за гэта адказнасць. Усе парашуты правераны, праходзяць тэхнічныя агляды. Прыборы, якія выпускаюць запасны парашут у выпадку, дапусцім, страты прытомнасці, таксама правяраюць. На працягу трох-чатырох гадзін да скачку праводзіцца інструктаж. Але калі скачуць сілы спецаперацый, у іх свае праверкі, кантроль, абсталяванне і допускі — усё сваё. У іх ёсць свае спецыялісты, свае парашуты. Мы даём толькі самалёт у арэнду».

Такія трагедыі здараюцца вельмі рэдка. «Стапрацэнтная бяспека пры выкананні ўсіх патрабаванняў», — запэўніваюць у Віцебскім аэраклубе ДТСААФ.

У 2010 годзе на аэрадроме, размешчаным у Віцебскім раёне, падчас скачку з парашутам разбіўся 26-гадовы прапаршчык. Тады ў ваеннай пракуратуры заяўлялі, што купал парашута цалкам не раскрыўся, вайсковец пры падзенні атрымаў траўмы і памёр на месцы.

Важна разумець, што, па-першае, існуюць медыцынскія супрацьпаказанні для здзяйснення скачка з парашутам. І чалавека перад скачком павінен праверыць доктар. Па-другое, трэба ведаць, як працуе парашут, гэта значыць прайсці адмысловы інструктаж. Па-трэцяе, ахвотны здзейсніць скачок падпісвае дакумент аб тым, што ўся адказнасць ляжыць на ім. Ці былі выкананыя ўсе гэтыя працэдуры перад смяротным скачком, нам невядома. Але вайсковыя часці, у адрозненне ад ДТСААФ, наогул не займаюцца арганізацыяй скачкоў для невайскоўцаў.

Аб тым, што здарылася ў Віцебску кажуць рознае. Сям'ю характарызуюць толькі са станоўчага боку. Вядома, што муж і жонка выхоўвалі 12-гадовае дзіця.

Па адной з версій, парашут быў непрыдатны для выкарыстання. Па іншай, загінулая спалохалася і няправільна дзейнічала ў сітуацыі, якая склалася. Вядома, што скакала яна адна, а не ў тандэме. І досведу скачкоў з парашутам у яе практычна не было.

Да праўды павінна дайсці следства. Па наяўнай інфармацыі, афіцэру прад'яўленае абвінавачванне па частцы 3 артыкула 455 КК (злоўжыванне ўладай, перавышэнне ўлады альбо бяздзейнасць улады). Калі яго віна будзе даказаная, яму пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова заявіла, што не валодае інфармацыяй з нагоды дадзенай трагедыі. Прэс-сакратар КДБ Дзмітрый Пабяржын таксама не змог пракаментаваць тое, што здарылася, спасылаючыся на тое, што знаходзіцца ў адпачынку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?