Лідарка кампаніі «Гавары праўду», экс-кандыдатка на пасаду прэзідэнта Таццяна Караткевіч зарэгістравала сваю ініцыятыўную групу для ўдзелу ў парламенцкіх выбарах. Караткевіч спрабуе балатавацца па Кастрычніцкай акрузе Мінска.

На сайце ЦВК Таццяна Караткевіч пазначаная як беспартыйная, на гэта звярнуў увагу сябра БСДП (Грамада), гісторык Анатоль Сідарэвіч. Як вядома, Караткевіч таксама доўгі час з’яўляецца сябрам сацыял-дэмакратычнай партыі.

У статуце БСДП напісана, што з партыі любы сябар можа быць выключаны, калі «афіцыйна (у сродках масавай інфармацыі, у дакументах) заявіў аб сваёй беспартыйнасці і непрыналежнасці да БСДП».

Таццяна Караткевіч абвяргае свой выхад з партыі. «Не, я нікуды не выходзіла, застаюся сябрам БСДП», — пракаментавала яна для «НН». Інфармацыю на сайце ЦВК аб беспартыйнасці палітык разглядае як нейкую памылку і абяцае разабрацца ў сітуацыі.

Ці могуць зняць з выбараў Таццяну Караткевіч, калі ўявіць, што яна сапраўды не ўказала сваю партыйную прыналежнасць? Гэтае пытанне мы задалі начальніцы арганізацыйна-прававога аддзела ЦВК Галіне Мкртчан. Яна пацвердзіла, што партыйную прыналежнасць кандыдат мусіць указваць у любым выпадку, нават калі не вылучаецца ад партыі, а шляхам збору подпісаў. Інфармацыя аб сяброўстве ў палітычнай партыі павінна абавязкова быць у інфармацыйных матэрыялах.

«Няправільна пададзеныя біяграфічныя звесткі не могуць быць падставай для нерэгістрацыі кандыдата», — запэўніла спадарыня Мкртчян. Яна кажа, што такія нормы дзейнічалі на выбарах 2000 і 2004 гадоў, аднак былі адмененыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?