Pokemon GO

Крыху больш за тыдзень таму японскі гульнявы гігант Nintendo выпусціў гульню Pokemon GO. Яна стала адразу ж шалёна папулярнай ва ўсім свеце, нягледзячы на тое, што афіцыйны рэліз адбыўся толькі ў ЗША, Аўстраліі, Новай Зеландыі і Германіі.

«Наша Ніва» вырашыла высветліць, у чым сакрэт папулярнасці гэтай гульні і сабрала ўсе самыя асноўныя звесткі пра Pokemon GO.

Пакемон — гэта мультсерыял ці гульня?

Pokemon — гэта цэлы выдуманы гульнявы сусвет і вялікая медыяфраншыза японскай кампаніі Nintendo. Першапачаткова пакемоны з’явіліся ў 1996 годзе на прыстаўках. Гульцы маглі выкарыстоўваць адмысловы кабель для сувязі кансоляў паміж сабою для абмену пакемонамі. На хвалі папулярнасці пачала з’яўляцца і іншая прадукцыя пад брэндам «Pokemon»: мультфільмы, анімэ-серыялы, манга, кнігі і іншыя медыятавары, якія выходзяць і да нашага часу. На прасторах былога СССР пік папулярнасці прыйшоўся на пачатак ХХІ стагоддзя, з выхадам мультсерыяла.

У чым адметнасць менавіта гэтай версіі гульні?

Раней Nintendo спецыялізавалася на вытворчасці гульняў для ўласных прыставак. Pokemon GO стала першай гульнёй Nintendo для сучасных смартфонаў. Дадатак выкарыстоўвае элементы дапоўненай рэальнасці: гульцы шукаюць пакемонаў, схаваных у рэальным свеце. Тэлефоны з дапамогай гукавога сігналу і вібрацыі паведамляюць уладальнікам аб тым, што побач схаваны пакемон. Мэта гульні — знаходзіць і трэніраваць пакемонаў, каб потым удзельнічаць у бітвах з пакемонамі іншых гульцоў.

Дзе спампаваць?

Гуляць у Pokemon GO можна толькі на смартфонах на базе Android (версія 4.4 і вышэй) і iOS. Афіцыйны рэліз гульні адбыўся пакуль толькі ў ЗША, Аўстраліі, Новай Зеландыі і Германіі, але неафіцыйна гуляць у Pokemon GO можна і ў Беларусі. Для Android можна знайсці вялікую колькасць установачных.apk файлаў у інтэрнэце. З iOS сітуацыя больш складаная. Каб гуляць на Apple, трэба ствараць новы «Apple ID» з рэгіёнам «New Zealand».

Вынік

Гульня стала настолькі папулярнай, што можа цалкам змяніць успрыманне сучасных камп’ютарных гульняў. Палепшыла Pokemon GO і становішча Nintendo. У апошнія гады прыстаўкі Nintendo гублялі сваю прывабнасць на фоне папулярнасці XBOX і гульняў на смартфонах. Пасля выхаду Pokemon Go акцыі Nintendo падаражэлі больш чым на 50%. Праз суткі пасля рэліза гульня заняла першае месца ў амерыканскім App Store і Google Play у катэгорыях «бясплатныя гульні» і «топ касавых». За дзень карыстальнікі праводзяць за гульнёй у Pokemon GO больш часу, чым у WhatsApp, Instagram, Snapchat і Facebook Messenger.

Істэрыя спарадзіла вялікую колькасць кур’ёзных выпадкаў. Напрыклад, супрацоўніца 10 канала ў Сэнт-Пітэрсбергу, штат Фларыда, так захапілася пошукам пакемонаў, што не заўважыла, як прайшла перад камерамі падчас прагнозу надвор'я.

Часам «покестопамі» становяцца славутасці (паркі, музеі, помнікі), але часта карыстальнікі выяўляюць пакемонаў у самых нечаканых месцах: монстры могуць хавацца ў царкве, у стрып-клубе, у паліцэйскім участку.

Сярод іншага, пакемоны пачалі з'яўляцца на тэрыторыі мемарыялаў: помніка ахвярам тэрактаў 11 верасня ў Нью-Ёрку, музея Халакосту ў Вашынгтоне, Арлінгтонскіх нацыянальных могілак у Віргініі, былога канцэнтрацыйнага лагера ў Аўшвіцы. Адміністрацыі гэтых і іншых мемарыяльных комплексаў ужо звярнуліся да стваральнікаў гульні з просьбай выдаліць іх з Pokemon GO, а наведвальнікаў просяць устрымацца ад лоўлі пакемонаў на тэрыторыі мемарыялаў.

У перспектыве папулярнасцю гульні змогуць скарыстацца ўладальнікі крам, кавярняў і іншыя прадпрымальнікі. Гульня накіроўвае людзей у месцы частага з'яўлення пакемонаў. Каб ператварыць гэтых людзей у сваіх пакупнікоў, трэба прывабіць іх да сябе. Напрыклад, размясціць «пастку», якая на некаторы час паскарае з'яўленне пакемонаў.

У чым небяспека?

Некаторыя гульцы ў Pokemon GO так засяроджваюцца на гульнявым працэсе, што перастаюць успрымаць і заўважаць наваколле. Ужо вядома пра некалькі няшчасных выпадкаў, калі людзі не глядзелі сабе пад ногі падчас гульні, падалі і траўміраваліся.

Папулярнасцю гульні пачалі карыстацца і зламыснікі. У штаце Місуры (ЗША) узброеныя людзі ладзілі засады каля пакемонаў, схаваных у закінутых месцах, і рабавалі гульцоў, якія іх шукалі.

Будзьце асцярожныя!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?