Арганізатары XXVII Фэстывалю музыкі маладой Беларусі агучылі поўны сьпіс гасьцей і час іх выступаў, а таксама распавялі, чым, акрамя засяроджанага слуханьня мэлёдый і шалёных скокаў пад біты, можна будзе заняцца на сёлетнім «Басовішчы».

Дваццаць сёмы год запар «Басовішча» вабіць аматараў незалежнай беларускай музыкі ў Борык, што пад Гарадком ля Беластоку. Сёлета два фэстывальныя дні прыпалі на 22-га і 23-га ліпеня. Традыцыйна ўваход на тэрыторыю фэсту вольны, а лайн-ап насычаны і разнастайны.

«Калі мы плянавалі праграму, то імкнуліся запрасіць і зорак беларускай музыкі, і маладых выканаўцаў. Таму для нас вельмі важны Конкурс маладых гуртоў. Мы ганарымся ўзроўнем сёлетняга Конкурсу і чакаем фіналу 22-га ліпеня, бо на прыкладзе леташніх ляўрэатаў — Navi і TonqiXod — бачым, як нашыя пераможцы разьвіваюцца. Сёлета інтрыга на Конкурсе велічэзная і мы самі не бярэмся прагназаваць яго вынікі. The Glitchhh, , Intelligency, M.G. — усе канкурсанты моцныя і канкурэнцыя будзе надзвычайнай! — зазначае арганізатарка «Басовішча» Ганна Пякарская. — Асноўная фэстывальная праграма — гэта незвычайнае спалучэньне розных па стылі і гучаньні гуртоў. Мы адмыслова склалі парадак выступаў так, каб можна было паглядзець на музыкаў з трошку нязвыклага ракурсу. Спадзяюся, наведнікам фэсту прыйдзецца гэта даспадобы. Калі шчыра, каб была магчымасьць, я б і сама не сыходзіла з танцпляцу ўсе два дні!»

Хэдлайнэрамі у першы фэстывальны дзень стануць партызаны беларускага року — гурт «Крамбамбуля» на чале зь Лявонам Вольскім, а ў другі дзень — гурт Brutto. Сярод замежных гасьцей — сэрбскі праект Erik, польскі гурт Jazzombie ды Gogodzy Ganski з Украіны, а таксама падляшскія гурты Ilo&Friends і Zero-85. А яшчэ госьці «Басовішча» стануць сьведкамі музычнага экспэрымэнту: спачатку польскі гурт Hańba! і беларуская каманда Dziеciuki зайграюць свае сэты, а пасьля аб'яднаюцца ў панк-фармацыю Hańbuki, каб яшчэ гадзіну запальваць танцпляц. І, вядома, слухачоў чакаюць выступы гуртоў Re1ikt, :B:N: ды іншых выбітных беларускіх каманд!

Пазамузычныя актыўнасьці на фэстывалі таксама будуць. У суботу арганізатары запрашаюць правесьці гадзіну зь «Беларускай анімацыяй» на кінапаказе, паспрабаваць свае сілы на спартыўных спаборніцтвах ды далучыцца да тэатральных варштатаў. Ася Стэльмашук і тэатар «Czrevo» прадставяць пастаноўку «Ksenia» на падляшскай мове, а нямецкія журналісты прэзэнтуюць дакумэнтальны фільм, створаны на леташнім «Басовішчы».

Як заўсёды, непадалёк ад сцэны зьмесьціцца намётавае мястэчка, месца ў якім каштавацьме 30 PLN з асобы. На тэрыторыі «Басовішча» працавацьмуць стэнды зь беларускай вопраткай, кнігамі, студыя тату і барбэршоп.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?