Абвешчана пра пачатак працы інфармацыйнага рэсурсу зь неляканічнай назвай «За развіццё Маладэчна». Задачу сайту стваральнікі бачаць у «аб’ектыўным інфармаваньні пра падзеі ў Маладэчне, а таксама ў Беларусі ды сьвеце».
— Мы пазыцыянуем наш сайт як незалежны навінавы рэсурс. Будзем імкнуцца падаваць інфармацыю аб’ектыўна і апэратыўна, — перадае milinkevich.org словы стваральніка сайту Яна Лагвіновіча.
Сайт аформлены ў адценьнях шэрага, мае бясхітрасны дызайн і пакуль выглядае выразна сырым. Масіўны графічны загаловак надае старонцы падабентва зь перадавіцай колішніх чорна-белых раёнак. На сайце яшчэ няма паўнацэннага напаўненьня, экспарту матэрыялаў, элемэнтарнай навігацыі. Выкарыстоўваюцца, не без памылак, абодва правапісы беларускай мовы, а дзе-нідзе ў падразьдзелах — і расейшчына.
Ці стане старонка паўнацэнным інфармацыйным рэсурсам Маладачаншчыны, ці далучыцца да сумнага шэрагу мёртванароджаных праектаў, пакажа блізкі час.