Нападнікі патрабавалі вызваліць апазіцыйнага актывіста, аднаго з лідараў арганізацыі «Новая Арменія» Жырайра Сефіляна і іншых людзей, якіх яны лічаць палітычнымі вязнямі. Яны таксама патрабуюць адстаўкі уладаў Арменіі.
«У Ерэване раніцай 17 ліпеня здзейснены напад на полк патрульна-вартавой службы паліцыі Арменіі. Узятыя закладнікі», - гаворыцца ў заяве Службы нацыянальнай бяспекі. Па некаторых дадзеных, некалькі чалавек атрымалі раненні.
Паліцэйскія праводзяць перамовы аб вызваленні закладнікаў. Усяго ў руках захопнікаў знаходзяцца, па некаторых дадзеных, сямёра паліцэйскіх.
Да будынка паліцыі сцягнутыя войскі. Дарогі, якія вядуць у раён Эрэбуні, перакрытыя.
Два чалавекі потым былі вызваленыя, адзін паліцэйскі загінуў.
***
Жырайр Сефілян — апазіцыйны актывіст, ветэран вайны ў Карабаху і адзін з лідараў апазыцыйнай «Новай Арменіі».
Сефілян неаднаразова крытыкаваў армянскія ўлады за пазіцыю па Нагорным Карабаху.
Актывіста арыштавалі 22 чэрвеня на два месяцы па абвінавачванні ў захоўванні зброі.