Падчас шостай Глінскай археалягічнай экспэдыцыі ўкраінскія гісторыкі знайшлі рэчавыя доказы цесных стасункаў Вялікага Княства Літоўскага з еўрапейскімі краінамі ў часы князя Вітаўта, які кіраваў дзяржавай у канцы XIV—пачатку XV стагоддзя. Паводле даследчыкаў, стасункі былі наладжаныя яшчэ раней за славутую Грунвальдскую бітву.

Пра гэта сведчаць знаходкі, зробленыя на раскопках ва ўрочышчы Леваднюкава гара непадалёк ад сяла Глінскае ў Зянькоўскім раёне Палтаўскай вобласці, паведамляе мясцовы рэсурс bastion.tv.

Там было знойдзена пахаваньне 5 вершнікаў, якія, верагодна, служылі ў войску князя Вітаўта і загінулі падчас няўдалай для князя бітвы з войскам Залатой Арды на рацэ Ворскла ў 1399 годзе. Пра тое, што пахаваныя менавіта вайскоўцы, сведчаць рэшткі зброі і вайсковых прыладаў, знойдзеныя пры раскопках.

На прыналежнасьць пахаваных да вершнікаў указваюць асаблівасьці іх костак. Да язды на конях людзей у тыя часы трэніравалі з дзяцінства, што адбівалася на пабудове шкілету.

Асаблівай увагі заслугоўваюць знойдзеныя манеты. Першая — залатаардынскі пул. Кожны хан тады чаканіў сваю манету. Такая валюта была ў абарачэнні даволі доўга.

Знойдзеная на пахаванні сярэбраная заходнееўрапейская манета можа сведчыць пра тое, што нехта з загінулых вайскоўцаў быў з Еўропы і паступіў на вайсковую службу да князя Вітаўта.

Паводле ўдзельніка экспедыцыі, украінскага гісторыка Яраслава Валадарэц-Урбановіча, знаходкі шостай Глінскай археалягічнай экспедыцыі таксама абвяргаюць некаторыя высновы савецкай гістарычнай навукі адносна паходжаньня насельніцтва Палтаўшчыны ды яго эканамічных зносін з суседзямі.

Знойдзеныя навукоўцамі рэшткі майстэрні па апрацоўцы бурштыну сведчаць пра развітыя зносіны з Балтыкай, мяркуе навуковец.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?