Вацлаў Гавал

Чаму страта ўлады азначае для некаторых страту сэнсу жыцьця? Пра гэта новая п’еса экс‑прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла.

Стаўшы лідэрам чэскае апазыцыі, падпольля, Вацлаў Гавал працягваў пісаць, а вось калі ў 1989 годзе стаў прэзыдэнтам Чэхіі — спыніў. І вось ён вярнуўся ў тэатар. «Сыход» — яго першая п’еса за 20 год — была пастаўленая ў праскім тэатры «Archa» 20 траўня.

Чаму страта ўлады азначае для некаторых страту сэнсу жыцьця? Чаму ўлада для некаторых людзей мае такое значэньне, што адлучэньне ад яе значыць руйнаваньне ўсяго іхняга сьвету? Па адыходзе з пасады прэзыдэнт Чэхаславаччыны з 1989 па 1992 гг. і Чэскай Рэспублікі з 1993 па 2003 гг. меў досыць часу, каб паразважаць над гэтымі пытаньнямі.

«Сыход» — вынік развагаў.

Галоўны герой п’есы Вацлава Гаўла — Рыгер, былы кіраўнік неназванай дзяржавы. Рыгера зьмяніў на пасадзе ягоны намесьнік Кляйн. Абкружаны ценявымі бізнэсоўцамі, Кляйн загадвае выгнаць Рыгера з шыкоўнай вілы, павысякаць вішнёвы сад і пабудаваць на яго месцы гандлёвы пункт, казіно й бардэль.

Некаторым падаліся спрэчнымі алюзіі на чэхаўскі «Вішнёвы сад» і шэксьпіраўскага «Караля Ліра». Акрамя таго, многія ўбачылі ў асобе Кляйна намёк на былога праціўніка Гаўла — Вацлава Клаўса, новага прэзыдэнта краіны. Аднак сам аўтар ня лічыць, што ягоны пэрсанаж асабліва абавязаны сваім нараджэньнем прэзыдэнцкаму наступніку.

П’еса — пра тое, як цяжка вярнуцца да нармалёвага жыцьця чалавеку, які страціў уладу. Вярнуцца да нармалёвага жыцьця — ня значыць прызвычаіцца карыстацца звычайным мабільнікам. Задача ў тым, каб знайсьці ўнутраны спакой — нягледзячы на тое, што цябе сьлепяць выбліскі камэраў шматлікіх папарацы.

Чэская крытыка піша, што дзесяцігодзьдзе ва ўладзе пайшло Гаўлу‑драматургу на карысьць. Гэта першы твор, які ён напісаў, маючы за плячыма багаты жыцьцёвы досьвед. Раней Вацлаў Гавал пісаў як апанэнт сыстэмы, не мяркуючы, што некалі трапіць ва ўладу.

«Сыход» — п’еса, напісаная ўжо пасьля таго, як ён гэтую сыстэму прайшоў наскрозь. Нягледзячы на гады прэзыдэнцтва, Вацлаў Гавал захаваў здольнасьць да самарэфлексіі й не вагаўся ў «Сыходзе» нават перад самапародыяй.

Прэм’ера сабрала шмат гледачоў. У 71 год Гаўлу ёсьць чым заняцца, акрамя справаў урадовых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?