Польшча застаецца краінай з самымі моцнымі прафсаюзамі і арганізаванымі работнікамі ў Цэнтральнай Эўропе. Таму ў краіне адбываецца страйк за страйкам. 27 мая спынілі працу дзьве траціны ўсіх школаў краіны. У большасьці адукацыйных пляцовак працуюць толькі кіраўнікі, групы падоўжанага дня і манашкі-выхавацелькі.
Сярэдні заробак настаўніка ў Польшчы складае на сёньня 3200 злотых (1480 даляраў) пры сярэднім заробку па краіне 1350 даляраў. Пэнсія настаўніка складае 1300 злотых (600 даляраў). Пэдагогі патрабуюць павышэньня і платы, і пэнсіяў.
Урад Туска абяцае далейшы рост заробкаў, але не аднаразовы, а расьцягнуты на 3 гады — згодна зь ягоным плянам, зарплаты пэдагогаў маюць узрасьці на 50 % да 2011 году.
Базавая нагрузка настаўніка складае ў Польшчы 18 гадзінаў на тыдзень. Таксама настаўнікі маюць права на датэрміновы выхад на пэнсію. Вакол гэтай нормы ідзе барацьба: урад хоча яе скасаваць, настаўнікі дабіваюцца захаваньня.