Беларускі бок 18 ліпеня накіраваў у Міжнародны арбітражны суд у Лазане (Швейцарыя) пазоў у сувязі з рашэннем выканкама Міжнароднай федэрацыі каноэ (ICF) адхіліць на год ад спаборніцтваў мужчынскую зборную, уключаючы трэнераў, медыцынскі і абслугоўваючы персанал.

Пра гэта паведаміў першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта, памочнік прэзідэнта па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму Максім Рыжанкоў на прэс-канферэнцыі ў панядзелак.

«Ёсць надзея схіліць суд вынесці адзін з двух вердыктаў, каб атлеты паспелі на Алімпіяду ў Рыа-дэ-Жанейра: дазволіць паскораную працэдуру разгляду справы ці прыпыніць выкананне рашэння ICF да рашэння арбітражнага суда», — сказаў Рыжанкоў.

«Нас адольвае расчараванне і глыбокае абурэнне, хоць мы вельмі сабраныя і засяроджаныя ў адстойванні інтарэсаў нашых атлетаў», — заявіў чыноўнік. Ён нагадаў, што нядаўна вылучаліся прэтэнзіі айчынным штангістам, але «згодна з дадатковымі рашэннямі нашы атлеты будуць выступаць на Алімпіядзе ў Рыа і сёння будуць экіпіяваныя».

Паводле слоў Рыжанкова, першапачаткова планавалася чатырохгадовая дыскваліфікацыя, якая закранула б і нацыянальную федэрацыю, а гэта азначала б адхіленне ад Алімпіяды-2016 і жаночай зборнай па веславанні на байдарках і каноэ.

У спробе пазбегнуць санкцый на пасяджэнне выканкама міжнароднай федэрацыі, якое доўжылася тры дні, выехала беларуская дэлегацыя, якая прадставіла свае аргументы.

Рашэнне аб адхіленні мужчынскай зборнай на год паступіла ў ноч на 16 ліпеня. Падставай сталі вынікі вобыску, праведзенага 12 красавіка гэтага года французскай паліцыяй у размяшчэнні каманды, якая праводзіла ў горадзе Тампль-сюр-Ло вучэбна-трэніровачны збор. На думку беларускага боку, выканкам ICF свядома зацягваў вынясенне рашэння, ведаючы, што тэрмін афіцыйнай заяўкі для ўдзелу ў АГ-2016 мінае 18 ліпеня і часу на абскарджанне рашэння будзе мала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?